Прыёмная кампанія ў магістратуру стартавала ў купалаўскім універсітэце 27 чэрвеня.
Па традыцыі тых, хто вырашыў падаваць дакументы ў першы дзень, павітала і павіншавала з пачаткам новага этапу навучання рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
- Я хачу пажадаць вам поспеху, добрага плённага навучання ў магістратуры, паспяховай абароны сваіх будучых дысертацый. Можа для каго-то яна стане першай дысертацыяй на шляху ў навуку. Гэта новая прыступка ў вашым багажы навучання праз усё жыццё, якое вы ажыццяўляеце на практыцы. Удачы вам і ўсяго самага добрага!
Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што сёння сярод тых, хто паступае ёсць тыя, хто толькі нядаўна скончыў установу адукацыі, а таксама і спецыялісты, якія ўжо доўгі час прымяняюць свае веды на практыцы. Яна адзначыла, што ступень магістра дае асаблівыя магчымасці для выпускнікоў магістратуры, пасля чаго ўручыла абітурыентам памятныя сувеніры.
Характэрна, што сярод тых, хто паступае выпускнікі не толькі купалаўскага ўніверсітэта, але і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Нагадаем, што падаць дакументы ў магістратуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы можна будзе з 27 чэрвеня па 5 ліпеня па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 218а. Час працы - з 9.00 да 18.00 без перапынку на абед. Выхадны - 30 чэрвеня. Тэлефон для даведак: +375 (152) 73-19-78.
У 2019 годзе набор на другую ступень вышэйшай адукацыі пройдзе па 28 спецыяльнасцях. 15 з іх - новыя ўзбуйненыя спецыяльнасці. Узбуйненне спецыяльнасцяў магістратуры і ўвядзенне прафілізацыі ў рамках спецыяльнасцяў індывідуалізуе адукацыйную траекторыю студэнта, дазваляе аператыўна рэагаваць на запыты рынку працы, актывізуе акадэмічную мабільнасць.
Больш падрабязная інфармацыя пра паступленне ў магістратуру купалаўскага ўніверсітэта тут.