У скарбонку зборнай Беларусі купалаўцы прынеслі дзве бронзы і два срэбра.
Усяго на спаборніцтвах у шасці відах спорту выступілі дзесяць студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Так, магістрантка Таццяна Мацко заваявала бронзу ў спаборніцтвах па самба ў вагавай катэгорыі да 64 кг, адолеўшы ў сутычцы за бронзавы медаль суперніцу з Італіі. У гэтым відзе спорту выступала і прадстаўніца факультэта псіхалогіі Кацярына Калюжная, якая стала пятай у вагавай катэгорыі звыш 80 кг. Акрамя таго, магістрантка факультэта фізічнай культуры Ксенія Даніловіч змагалася ў спаборніцтвах па дзюдо і стала дванаццатай. Трэнерам дзяўчат выступае загадчык кафедры спартыўных гульняў факультэта фізічнай культуры Аляксандр Бардзін.
У спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе студэнт 5 курса факультэта фізічнай культуры Саслан Даураў заваяваў бронзавы медаль II Еўрапейскіх гульняў у вагавай катэгорыі да 67 кг. З лікам 3:1 наш атлет у малым фінале вагавай катэгорыі да 67 кг паклаў на лапаткі ўкраінскага змагара Аляксея Калінічэнка.
Таксама барэц грэка-рымскага стылю Аляксандр Грабовік, студэнт 2 курса факультэта фізічнай культуры, заваяваў сярэбраны медаль II Еўрапейскіх гульняў у вагавай катэгорыі да 97 кг. Аляксандр упэўнена прайшоў увесь шлях да фіналу, а за тытул чэмпіёна хатняга турніру змагаўся са спартсменам з Арменіі Артурам Алексанянам.
Варта адзначыць, што ў гэтых спаборніцтвах студэнт 4 курса факультэта фізічнай культуры Радзік Куліеў стаў пятым у вагавай катэгорыі 87 кг, а студэнт другога курса фізічнай культуры Павел Лях - восьмы ў вагавай катэгорыі 77. Трэніруе Саслана Даурава і Радзіка Куліева Вячаслаў Максімовіч.
Сярод срэбных прызёраў II Еўрапейскіх гульняў і студэнт першага курса факультэта фізічнай культуры Ігар Зубко. Ён удзельнічаў у эстафетным бегу 4х400. У складзе зборнай Рэспублікі Беларусь Ігар Зубко заняў другое месца ў дынамічнай лёгкай атлетыцы.
Студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта Мікіта Чайкоўскі ўвайшоў у зборную Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе. Каманда заняла сёмае месца. А студэнт 4 курса факультэта фізічнай культуры Віталь Пясняк прымаў удзел у спаборніцтвах па вольнай барацьбе. У вагавай катэгорыі 125 кг купалавец стаў дванаццатым.