Навукова-практычная канферэнцыя «Органы дзяржаўнага кантролю праз прызму дзесяцігоддзяў» адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 5 ліпеня.
Нагодай для форума стала 25-годдзе Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і 100-годдзе ўтварэння органаў дзяржаўнага кантролю Беларусі. Тэма канферэнцыі - прававыя, эканамічныя і сацыяльныя асновы дзейнасці кантралюючых і наглядных органаў Рэспублікі Беларусь, праблемы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, павышэння эфектыўнасці ажыццяўлення імі функцыі дзяржаўнага кантролю праз пашырэнне ўзаемадзеяння з іншымі дзяржаўнымі структурамі, а таксама ролі органаў дзяржаўнага кантролю ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця грамадства і краіны.
Удзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі «Органы дзяржаўнага кантролю праз прызму дзесяцігоддзяў» сталі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, загадчык аддзела макраэканамічнага рэгулявання і фінансавай палітыкі ДНУ «Інстытут эканомікі НАН Беларусі» Аляксандр Лучанок, прафесар кафедры падаткаў і падаткаабкладання БДЭУ Тамара Сарокіна, а таксама супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, кіраўніцтва і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка распавяла аб супрацоўніцтве ўніверсітэта і Камітэта дзяржаўнага кантролю:
- Партнёрскія сувязі паміж Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы былі наладжаны больш за 10 гадоў таму ў сферы правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і працягваюцца па цяперашні час.
Пачаткам больш цеснага супрацоўніцтва стаў 2012 год. Тады прадстаўнікі КДК Гродзенскай вобласці сталі чытаць лекцыі і праводзіць семінары для студэнтаў універсітэта, рэцэнзаваць дыпломныя працы і магістарскія дысертацыі, удзельнічаць у рабоце дзяржаўных экзаменацыйных камісій. Тады ж упершыню студэнты атрымалі магчымасць прайсці вытворчую практыку на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю.
У 2017 годзе бакі выйшлі на новы ўзровень узаемадзеяння: прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці сталі больш актыўна ўдзельнічаць у практыка-арыентаваных семінарах і навукова-практычных канферэнцыях, увайшлі ў склад Каардынацыйнага савета факультэта эканомікі і кіравання, дзе ўдзельнічаюць у распрацоўцы навучальных планаў у адпаведнасці з патрабаваннямі часу, прапануюць тэмы для выканання курсавых і дыпломных работ. Сярод сумесных праектаў факультэта і Камітэта дзяржаўнага кантролю - маніторынг дзейнасці прадпрыемстваў Гродзеншчыны і ўдзел у рэцэнзаванні дыпломных работ і магістарскіх дысертацый на юрыдычным факультэце.
Яшчэ адным важным этапам у рэалізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве, якая накіравана на ўзаемадзеянне ў сацыяльна-эканамічнай, прававой, культурнай сферах, у галіне камп'ютэрных сістэм і тэхналогій, рэгіянальнай эканомікі, у сферы прафесійнага навучання і павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, па рэалізацыі практыка-арыентаванага навучання і пытаннях арганізацыі і правядзення сумесных навукова-практычных семінараў, канферэнцый, кансультацый і кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў.
Варта адзначыць, што ўзаемадзеянне ў галіне правядзення цэнтралізаванага тэсціравання набыло сістэмны характар. У мінулым годзе быў праведзены сумесны семінар, дзе бакі абмеркавалі вопыт правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і шляхі яго далейшага ўдасканалення ў адпаведнасці з патрэбамі сучасных абітурыентаў, для таго, каб яны адчувалі сябе падчас здачы тэстаў яшчэ больш упэўнена і спакойна. У ходзе мерапрыемства былі выпрацаваны канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні правядзення ЦТ, якія ў гэтым годзе прыняты і ўкаранёны на рэспубліканскім узроўні.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка павітаў прысутных і распавёў пра гісторыю і асноўных напрамках дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Анатоль Андрэевіч падкрэсліў, што правядзенне канферэнцыі ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не выпадкова:
- Універсітэтам аказана нам садзейнічанне ў навучанні работнікаў камітэта, асабліва па пытаннях распрацоўкі і ацэнкі эфектыўнасці бізнэс-планаў, інвест-праектаў і развіцця дзяржаўных прадпрыемстваў. Высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы дазволіў рэалізаваць многія задумкі камітэта. Да прыкладу, сумесна мы стварылі практычны відэа-дапаможнік па вядзенні адміністрацыйнага працэсу, створана электронная карта паступаючых у камітэт зваротаў. Спадзяюся, што сённяшняя канферэнцыя стане яшчэ адным этапам у нашым двухбаковым узаемадзеянні.
Так, у рамках навукова-практычнай канферэнцыі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы абмеркавалі фарміраванне службы дзяржаўнага кантролю ў Беларусі і развіццё заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць Камітэта дзяржаўнага кантролю i яго тэрытарыяльных органаў. Акрамя таго, было разгледжана пытанне развіцця эканамічнай навукі ў беларускай эканамічнай мадэлі і ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці цэнтральных апаратаў дзяржаўных органаў пры выкарыстанні праграмна-мэтавага метаду бюджэтаваньня. Таксама падчас канферэнцыі былі прэзентаваныя даклады на тэму «Роля і месца органаў фінансавых расследаванняў у структуры і дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю», «Кантрольныя органы ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы».
Варта адзначыць, што падобны фармат канферэнцыі дазволіў дасягнуць плённых вынікаў як для прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, так і для Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці. Падводзячы вынікі канферэнцыі, рэктар універсітэта Ірына Кітурка адзначыла, што адным з вектараў далейшага ўзаемадзеяння ў навуковай сферы стане рэалізацыя сумесных міждысцыплінарных праектаў на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, юрыдычным факультэце і факультэце эканомікі і кіравання, а таксама выкананне дыпломных работ і магістарскіх дысертацый па заяўках камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці падзякаваў удзельнікам канферэнцыі за актыўны дыялог, ГрДУ імя Янкі Купалы - за арганізацыю мерапрыемства і выказаў надзею на далейшае актыўнае плённае супрацоўніцтва.