Класік беларускай літаратуры, паэт-прарок, паэт-грамадзянін, паэт-філосаф, літаратурны крытык, драматург, перакладчык, публіцыст, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі навук Украіны. Творчасць Янкі Купалы ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Яго творы параўноўваюць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, ведаюць і любяць ва ўсім свеце. Сачыненні паэта перакладзены на 117 моваў. Памяць пра яго беражліва захоўваецца ўжо шмат гадоў. Помнікі пісьменніку ўсталяваныя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой: у Маскве і ў Манро (ЗША). Імем Янкі Купалы названы вуліцы ў Валгаградзе, Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Кіеве, Львове, Луцку, Гданьску і іншых гарадах. У нашай краіне імя гэтага вялікага чалавека і выдатнага пісьменніка носяць многія геаграфічныя аб'екты і ўстановы: паркі, бібліятэкі, тэатр, пасёлак. З 1957 года імя «вялікага песняра зямлі беларускай» прысвоена Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Сёння супрацоўнікі і студэнты з гонарам называюць сябе агульным словам "Купалаўцы"!
У 1965 годзе ля галоўнага корпуса быў усталяваны помнік паэту. Яго адкрыццё было звязана з прысваеннем на той момант педагагічнаму інстытуту імя Янкі Купалы ў гонар 75-гадовага юбілею паэта. На адным баку пастамента замацаваная металічная шыльда з выбітымі на ёй радкамі з верша Купалы «Наша моладзь», якія з'яўляюцца своеасаблівым заклікам да ўсёй моладзі краіны:
Мілая моладзь, слаўная моладзь
Нашай бязмежнай краіны!
Горы і мора можаш ты здолець,
Сэрцам расплавіць ільдзіны.
Помнік паэту ўстаноўлены і ў холе другога паверха галоўнага корпуса ўніверсітэта. Тут жа ў рамках рэалізацыі канцэпцыі "Універсітэт-Музей" была створана экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці песняра зямлі беларускай Янкі Купалы.
Штогод у ГрДУ імя Янкі Купалы праходзяць навуковыя, творчыя і культурныя мерапрыемствы, звязаныя з імем і спадчынай вялікага паэта.