Удзельнікамі турніру, арганізаванага Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, сталі 8 каманд з Беларусі, Літвы і Расіі.
У Купалаўскім універсітэце сабраліся больш за 30 удзельнікаў ва ўзросце да 15 гадоў, якія змагаюцца за перамогу ў інтэлектуальным спаборніцтве. У адрас юных гасцей словы прывітання накіравала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
– Я рада вітаць вас у сценах аднаго з лепшых універсітэтаў Беларусі - у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, які мае багатае спартовае мінулае і сучаснасць, а з юнымі ўдзельнікамі спаборніцтваў, я спадзяюся, і будучае. Мы вельмі рады, што ўніверсітэт усё часцей становіцца месцам правядзення міжнародных мерапрыемстваў. Я жадаю вам высокай інтэлектуальнай гульні, цікавых камбінацый, добрай партыі, задавальнення ад уласнага выніку і новых перамог!
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолій Дарожка, звяртаючыся да хлопцаў і дзяўчат, распавёў, што турнір па шашках прысвечаны 100-годдзю ўтварэння органаў дзяржаўнага кантролю Беларусі і 25-годдзю Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Ён таксама адзначыў, што правядзенне турніру ў сценах Купалаўскага універсітэта не выпадкова: Камітэт дзяржаўнага кантролю ўжо на працягу доўгага часу плённа супрацоўнічае з ГрДУ імя Янкі Купалы. Анатолій Дарожка пажадаў удзельнікам выдатнага настрою, поспехаў у гульні, перамог, а таксама добра адпачыць, знайсці новых сяброў і пазнаёміцца з горадам Гродна.
Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў турніру - не толькі аматары гульні, але і прызнаныя прафесіяналы. Напрыклад, Марат Леў са Слоніма ў свае 12 гадоў - ужо чэмпіён свету ў групе да 13 гадоў. У скарбонцы дасягненняў Марата - адно золата і два срэбра. Дарэчы, шашкамі юнак займаецца з 6 гадоў. Ён прызнаецца: каб стаць чэмпіёнам свету па шашках, трэба ўмець лічыць і ў дасканаласці ведаць тэорыю.
Па словах старшыні Беларускай федэрацыі шашак Віталія Аніська, сёння шашкі як від спорту досыць папулярны ў Беларусі. Многія займаюцца шашкамі ў гуртках і секцыях, а лепшыя становяцца прызёрамі і пераможцамі міжнародных спаборніцтваў.