Па традыцыі Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў адзначаюць у Беларусі 1 жніўня.
Як распавяла выканаўца абавязкаў начальніка аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў УВРзМ ГрДУ імя Янкі Купалы Валянціна Есіна, у рамках Дня беларускіх студатрадаў для купалаўцаў, якія працуюць у педагагічных, вытворчых, будаўнічых, сэрвісных і экалагічных атрадах, запланаваны шматлікія спартовыя спаборніцтвы, эстафеты і турніры.
Так, учора, 31 ліпеня, у гонар свята будатрадаўцы прынялі ўдзел у турніры па боўлінгу, арганізаваным першаснай арганізацыяй БРСМ універсітэта. Перамогу ў ім атрымаў будатрад № 4, які працуе на аб'екце ўніверсітэта - інтэрнаце па вул. Пралетарскай, 4. Сёння для лепшых байцоў, камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў, сярод якіх студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы, адбудзецца вячэрняя прагулка па Нёмане на цеплаходзе.
Таксама 1 жніўня на аб'ектах будоўлі Беларускай атамнай электрастанцыі студатрадаўцаў наведаюць Інфармацыйны цэнтр АЭС, дзе для іх будзе арганізавана экскурсія на тэму «Бяспека ў атамнай энергетыцы».
Мерапрыемствы ў гонар свята працягнуцца некалькі дзён і пройдуць па ўсёй краіне.
Нагадаем, у гэтым годзе студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы працуюць у 40 студатрадах, сярод якіх - педагагічныя, вытворчыя, будаўнічыя, сэрвісныя і экалагічныя атрады.