У рамках вучэнняў курсанты ўдасканалілі навыкі ваеннага майстэрства.
Курсантамі ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта сёлета сталі 27 юнакоў. Вучэбна-палявыя зборы ў рамках пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі з'яўляюцца абавязковай часткай вучэбнай праграмы і накіраваны на фізічную, псіхалагічную і маральную падрыхтоўку асабістага складу да ўмоў ваеннай службы.
- Юнакам важна прышчапіць пачуццё адказнасці, абавязку, гонару, бо сённяшнія першакурснікі ваеннага факультэта - гэта будучыя абаронцы Радзімы, - адзначае начальнік курса ваеннага факультэта Яўген Свіб. - Падчас пачатковай ваеннай падрыхтоўкі маладыя байцы набываюць тыя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ім у будучай прафесійнай дзейнасці. З курсантамі праводзяцца заняткі па інжынернай, страявой, агнявой і тактычнай падрыхтоўцы, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне.
Дарэчы 7 верасня першакурснікі ваеннага факультэта па традыцыі прымуць прысягу на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Урачыстае мерапрыемства адбудзецца на Кургане Славы г. Гродна ў 9.30.