У рамках акцыі «Збяром дзяцей у школу!» рэктар універсітэта Ірына Кітурка перадала навучэнцам школ №7 і №18 наборы канцылярскіх прылад.
Сустрэча Ірыны Кітурка са школьнікамі і ўручэнне падарункаў прайшлі ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы. За гутаркай Ірына Фёдараўна пацікавілася летнім адпачынкам рабят, іх настроем на новы навучальны год, а таксама падзялілася ўспамінамі пра свае школьныя гады. Яна адзначыла, што дзверы ГрДУ імя Янкі Купалы заўсёды адкрытыя для выпускнікоў гродзенскіх школ і ў будучыні яна будзе рада бачыць хлопчыкаў і дзяўчынак у ліку студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта. Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка таксама павіншавала дзяцей з пачаткам навучальнага года і пажадала поспехаў у вучобе.
Дарэчы, падарункі ў рамках акцыі «Збяром дзяцей у школу» для школьнікаў падрыхтавалі валанцёры-купалаўцы. На працягу некалькіх дзён студэнты ажыццяўлялі збор школьнай канцылярыі: пісьмовыя прыналежнасці, фарбы, алоўкі, альбомы для малявання, наборы для дзіцячай творчасці, каляровую паперу, пластылін жадаючыя прыносілі ў галоўны корпус універсітэта, а таксама перадавалі валанцёрам ў супермаркетах Гродна.