У рамках адзінага дня інфармавання 17 верасня старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў сустрэўся з кіраўніцтвам, супрацоўнікамі і студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу, падчас якога кожны жадаючы мог задаць госцю пытанні. Найбольш актыўнымі сталі будучыя журналісты - студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Журналістыка» Ганна Салавей знаёмая з працай тэлеканала не па чутках: у гэтым годзе дзяўчына праходзіла практыку на АНТ.
- Ведаю, што з лістапада мінулага года ў эфір выходзіць ваша аўтарская праграма "Маркаў. Нічога асабістага". Прынята лічыць, што ў любой справе першы год - самы няпросты. З якімі цяжкасцямі вы, як аўтар праграмы, сутыкнуліся і як змаглі іх вырашыць? - пытаецца Ганна.
Адказваючы на пытанне, Марат Маркаў адзначыў, што рабіць інтэрв'ю - заўсёды складана. Аднак у працэсе стварэння праграмы сабралася каманда, з якой атрымалася згенераваць якасны кантэнт:
– Калі не будзе людзей, якія змогуць прафесійна падысці да справы, то ні адна праграма не атрымаецца. Калі ты выходзіш у эфір і паказваеш свой прадукт - ён аўтаматычна асацыюецца з табой.
– Каб стаць журналістам новага пакалення, трэба атрымліваць яшчэ адукацыю, акрамя журналісцкай, пастаянна знаходзіцца ў працэсе навучання. Не важна, гэта будуць курсы SMM-спецыяліста або другая юрыдычная адукацыя, - адзначыў Марат Сяргеевіч, адказваючы на пытанне пра журналіста новага пакалення. - Сучасны журналіст - гэта чалавек усебакова развіты, універсальны. Чым больш «шматпрофільны» чалавек, тым ён стане больш каштоўным для тэлеканала. Я заклікаю вас пастаянна самаўдасканальвацца і адукавацца!
Не засталося без увагі ў гэты дзень пытанне раённых СМІ, на сайце якіх сёння назіраецца тэндэнцыя генеравання відэа-кантэнту. Магістрантка Ірына Чабатарэвіч запытала ў госця, што ён думае пра такі медыя-прадукт.
– Калі вы працуеце на рэгіянальным тэлебачанні, то робіце матэрыялы, якія часцяком папулярнейшыя за рэспубліканскія тэлеканалы сярод жыхароў раёнаў: вы пішаце пра тое, што блізка людзям. Другое пытанне - як вы гэта робіце. Але я ўпэўнены, калі чалавек зацікаўлены ў сваёй працы, то ўсё атрымаецца. Прафесіяналы працуюць і на рэгіянальных тэлестудыях. У сучасным свеце, калі сюжэты можна здымаць нават на мабільны тэлефон, мы ўсе ў аднолькавых умовах, маштаб не мае значэння.
Казалі падчас сустрэчы пра пошук тэм для сюжэтаў і працы тэлеканала ў сацыяльных сетках. Абмяркоўваючы перспектывы развіцця тэлебачання ў будучыні, Марат Маркаў адзначыў, што для тэлеканала, якім ён сёння кіруе, важна падскочыць, але не завіснуць.
Падводзячы вынікі, госць падзякаваў рэктару Ірыне Кітурка і калектыву за цёплы прыём, а таксама адзначыў, што сёння ў гэтай зале вельмі шмат усмешак:
– Я хачу пажадаць вам заўсёды захоўваць унутры сябе тое пачуццё, якое дорыць нам ўсмешку. Вучыцеся радавацца любому моманту і заставайцеся прафесіяналамі, - падсумаваў Марат Маркаў.
У ГрДУ імя Янкі Купалы кіраўнік тэлеканала АНТ наведаў студэнцкі медыяцэнтр, дзе студэнты-журналісты прэзентавалі яму працу тэлестудыі і ўзялі ў госця інтэрв'ю. На памяць аб візіце ў Купалаўскі ўніверсітэт, па традыцыі госць пакінуў свой аўтограф.