Уручэнне членскіх білетаў адбылося на традыцыйнай штогадовай сустрэчы актыву прафсаюза ў рамках рэспубліканскай акцыі «Добры дзень, першакурснік!».
На сустрэчы, якая, дарэчы, прайшла ў сяброўскай абстаноўцы, прысутнічалі як студэнты-першакурснікі Купалаўскага ўніверсітэта, так і старшыні прафсаюзных груп на факультэтах, актывісты прафсаюзнага камітэта студэнтаў.
З прывітальным словам да студэнтаў першага курса звярнуўся старшыня Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Рамуальд Юроўскі.
– З сённяшняга дня мы - адна вялікая прафсаюзная сям'я, якая пачынае разам новае жыццё ў сценах універсітэта. Студэнцкія гады - лепшы час, я хачу вам пажадаць правесці яго з максімальнай карысцю. Вучыцеся, развівайцеся, удзельнічайце ў грамадскім жыцці, будзьце актыўнымі членамі прафсаюза і проста актыўнай асобай.
Вітаючы рабят, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка адзначыла, што ў першую чаргу прафсаюз прызначаны для ўсебаковай падтрымкі і дапамогі студэнту:
– Сёння наша галоўная функцыя як прафсаюза - забяспечыць вам камфортныя ўмовы для вучобы і пражывання. Таксама мы - гэта і школа актыву, школа станаўлення асобы, дзе можна паспяхова рэалізоўваць свае таленты.
У ходзе сустрэчы старшыня прафкама студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта Дзіяна Трафімовіч распавяла студэнтам пра галоўныя задачы і напрамкі работы першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Так, студэнты-першакурснікі даведаліся, што яны могуць паўдзельнічаць у мерапрыемствах, рэалізаваць свае цікавыя праекты і ідэі, аздаравіцца ў санаторыі і з'ездзіць у турыстычную паездку, з прыемнай зніжкай наведаць кіно, тэатр, спартыўныя заняткі. Акцэнт быў зроблены на тое, што прафсаюзны камітэт гатовы дапамагчы ў вырашэнні любога хвалюючага студэнта пытання.
На заканчэнне сустрэчы студэнтам-першакурснікам ўрачыста ўручылі членскія білеты, пажадалі поспехаў у вучобе і творчым жыцці.