Прэзентацыя дадатку - мабільнага вела-гіда па Аўгустоўскім канале - адбылася ў Купалаўскім універсітэце 19 верасня.
Удзельнікаў сустрэчы павітала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
– Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы не змог застацца ў баку святкавання 75-годдзя Гродзенскай вобласці: мы дорым ўсім жыхарам Гродзенскай вобласці і турыстам мабільнае прыкладанне, якое зроблена сіламі супрацоўнікаў і студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта. Чаму менавіта веламаршрут? Гэта не толькі магчымасць прэзентаваць адну з жамчужын нашай Гродзенскай вобласці, Аўгустоўскі канал, але яшчэ і падтрымаць здаровы лад жыцця. Сімвалічна, што працягласць маршруту - 49.9 км: нельга спыняцца, увесь час трэба ісці наперад, няма мяжы дасканаласці!
Дарэчы, гэта не першы праект, які ўніверсітэт і Гродзенскі аблвыканкам рэалізоўваюць для бязвізавай зоны: намаганнямі супрацоўнікаў і студэнтаў быў распрацаваны сайт GrodnoVisaFree, а таксама платформа, на якой рэгіструюцца ўсе замежныя турысты, якія прыязджаюць у краіну.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што ідэю стварэння такога мабільнага прыкладання прапанаваў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч. Ён адзначыў, што патэнцыял Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, які можна накіраваць на развіццё разнастайных сумесных праектаў, - бязмежны:
– Усе нашыя ідэі павінны быць практыкаарыентаванымі і карыснымі людзям. Стварэнне прыкладання «Маршруты Аўгустоўскага канала» - гэта магчымасць паказаць турыстам Беларусь, нашу Гарадзенскую зямлю, тое, чым мы ганарымся. Мы сёння зрабілі ўжо шмат у гэтым кірунку: у нас ёсць у лічбавым варыянце веламаршруты Гродзенскай вобласці, карта брэндавых мерапрыемстваў, аблічбаваныя фонды музеяў. Але заўсёды трэба думаць пра тое, які кантэнт мы будзем прасоўваць заўтра.
У сваю чаргу, начальнік Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Андрэйчык адзначыў:
– Прыкладанне «Маршруты Аўгустоўскага канала» - гэта вынікі шматгадовай працы. Яно дазволіць даведацца больш пра нашыя выдатныя месцы, прыцягнуць да нас больш турыстаў. Я ўпэўнены, што ўніверсітэт і надалей будзе дарыць жыццё падобным унікальным прадуктам.
Як распавялі распрацоўшчыкі, дзякуючы дадаткам вела-турысты змогуць азнаёміцца з маршрутам і з мясцовасцю Аўгустоўскага канала як падчас паездкі, так і пры падрыхтоўцы да яе. Яно дазволіць зарыентавацца на мясцовасці, даведацца пра наяўнасць «схаваных» славутасцяў побач з маршрутам, праглядзець інфармацыю і фотаматэрыялы аб турыстычных аб'ектах.
Сярод асноўных магчымасцяў прыкладання - рэжым прагляду і праходжання абранага маршруту, рэжым прагляду каталога турыстычных аб'ектаў, праца без сувязі з інтэрнэтам, абнаўленне інфармацыі з базы сэрвісу Grodnovisafree.by.
Першым маршрутам у прыкладанні стаў самы вялікі міжнародны маршрут «August-Velo», працягласцю 49,9 км, прыкладныя час у шляху - 5 гадзін. На сённяшні дзень сэрвіс змяшчае апісанне больш за 100 аб'ектаў гэтага маршруту: славутасці, месцы адпачынку, аграсядзібы, месцы бітваў, помнікі, шлюзы канала і інш. Прыклвдвнне даступна на рускай і англійскай мовах, без сувязі з інтэрнэтам.
Прыкладанне пашыраецца: маршруты будуць дапаўняцца па меры фарміравання іх апісанняў. Зараз даступныя два маршруты «August-Velo» і «Лінія Молатава». Новыя маршруты і актуалізацыя інфармацыі аб аб'ектах не патрабуюць замены прыкладання, а выконваюцца ў рэжыме «абнаўлення» дадзеных, паколькі прыкладанне выкарыстоўвае інфармацыйную базу дадзеных аўтаматызаванага сэрвісу АІС «Grodnovisafree.by», распрацаванага ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы інавацыйнага фонду Гродзенскай вобласці, і з'яўляецца адным з працягаў гэтага сэрвісу.
У планах у стваральнікаў - новыя маршруты і аб'екты, даданне фота- і відэаматэрыялаў пра аб'екты, аўдыё суправаджэнне і элементы дапоўненай рэальнасці (дэманстрацыя страчанага выгляду аб'ектаў), а таксама інтэграцыя інтэрактыўных функцый - чат, заказ месцаў, білетаў і г.д.
Дадатак прызначаны для смартфонаў і планшэтаў на платформе Android версій 5 і навей. Спампаваць яго можна ў Google Play Market пад назвай «Маршруты Аўгустоўскага канала», або скарыстаўшыся QR-кодам.
Варта адзначыць, што першымі, хто змог пратэставаць працу прыкладання, сталі студэнты факультэта фізічнай культуры, якія сёння пераадолелі ўвесь веламаршрут «August-Velo». Сімвалічна, што паездка прайшла менавіта падчас прэзентацыі прыкладання.