Мару многіх жыхароў горада - убачыць Гродна з незвычайнага ракурсу - ажыццявіў Сяргей Марозаў. 24 верасня ў гарадской выставачнай зале адкрылася яго персанальная фотавыстава «Паветраны Гродна».
Рэалізаваць праект «Паветраны Гродна» фатограф змог пры дапамозе дрона і нестандартнага падыходу да працы. Усяго на выставе прадстаўлена 75 работ. Аднак, як прызнаецца аўтар, за час падрыхтоўкі было знята некалькі тысяч кадраў.
Падтрымаць і павіншаваць Сяргея Марозава з першай персанальнай выставай у Гродзенскай выставачнай зале прыйшлі яго сям'я, сябры, калегі і студэнты.
Кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна Алег Бялінскі, віншуючы фатографа, назваў Сяргея Паўлавіча «летапісцам нашай гісторыі»:
- Тыя фатаграфіі, якія зроблены Сяргеем, паказваюць, як любіць ён наш горад. Спадзяюся, што такіх выстаў у Гродне будзе рабіцца ўсё болей!
У сваю чаргу, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла:
- У таленавітага чалавека – усё таленавіта. А талент можа раскрыцца, толькі калі чалавек працуе над гэтым. Сяргей Паўлавіч, якога я ведаю даўно, – выпускнік нашага ўніверсітэта, выпускнік аспірантуры, кандыдат навук, прафесійны выкладчык, цудоўны сын, муж, бацька. А сёння мы бачым новыя грані яго таленту, якія раскрываюцца ў гэтай выставе. Дрон можа набыць кожны, але не кожны можа зрабіць такія фотаздымкі. Таму што не кожны будзе адносіцца да дрона, як да жывой істоты. Я віншую ўніверсітэт з такімі выхаваўцамі, таму што поспех нашых выпускнікоў, супрацоўнікаў – гэта поспех універсітэта. Я віншую Гродна з тым, што ў нас ёсць магчымасць убачыць тое, што мы не можам убачыць самі на ўласныя вочы. Я віншую сям’ю Сяргея Паўлавіча з тым, што яны маюць такога таленавітага сына, мужа і бацьку.
Павіншаваць Сяргея Марозава і ўручыць яму дыплом аўтара выставы прыйшоў кіраўнік народнага фотаклуба "Гродна" Аляксандр Ласмінскі. Аляксандр Іосіфавіч - першы, хто змог сфатаграфаваць горад з вышыні птушынага палёту яшчэ 20 гадоў таму. Праўда, у той час ажыццявіць гэта было значна складаней - даводзілася здымаць праз адчыненыя дзверы падчас палёту на верталёце.
- Сёння гэтая выстава паказала, наколькі пашырыліся магчымасці ў фатографа. Сяргей зрабіў тое, пра што мы марылі ў свой час, змог падляцець да кожнай жамчужыны нашага горада, разгледзець яе з розных бакоў. Мы былі ў свой час лепшымі, а вы павінны быць лепшымі за нас, - адзначыў Аляксандр Ласмінскі.
Сам Сяргей Марозаў прызнаецца: для яго персанальная экспазіцыя «Паветраны Гродна» - як узнагарода «Оскар» для акцёра:
- Больш за дзесяць гадоў таму, калі я сябе яшчэ не мог назваць фатографам, я трапіў у гэтую залу. Тут праходзіла выстава Максіма Шведа «365 дзён у годзе». Я тады падумаў: «Вось гэта ўзровень, гэта тая планка ў мастацкай творчасці, да якой трэба імкнуцца!». За мінулыя гады ў мяне была не адна персанальная выстава, але менавіта гэтую выставу я ўспрымаю як мару, якая ажыццявілася, як мой першы Оскар.
Убачыць работы Сяргея Марозава можна ў выставачнай зале Гродна да 13 кастрычніка. Экспазіцыя даступная з 10.00 да 19.00 без выхадных.