Спартыўныя мерапрыемствы аб'яднаюць увесь калектыў Купалаўскага ўніверсітэта з 27 верасня па 5 кастрычніка.
Пачынаецца тэматычны тыдзень 27 верасня з спаборніцтваў па міні-футболе сярод замежных студэнтаў. 28 верасня адбудзецца ключавое мерапрыемства Тыдня спорту і здароўя - спартыўна-мастацкі фестываль «Купалаўскі старт» ва ўрочышчы «Пышкі». У рамках фестывалю купалаўцы прымуць удзел у масавым флэш-мобе, паспаборнічаюць за перамогу ў лёгкаатлетычным кросе, дартсе, армрэслінгу, перацягванні ліны і ў камбінаванай эстафеце. Творча прэзентаваць сваю каманду неабходна будзе падчас конкурсу-візітоўкі. Журы ацэніць якасць і арыгінальнасць выступлення, узровень сцэнічнай культуры, артыстызм, творчы падыход і кампазіцыю. Каманда, якая займе I месца, атрымае магчымасць наведаць аквапарк «Лебяжы», сярэбраныя прызёры адправяцца ў боўлінг-клуб, за трэцяе месца ўдзельнікам падораць паход у кінатэатр.
Сярод мерапрыемстваў Тыдня спорту і здароўя - здача нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь, якія пройдуць 1 і 3 кастрычніка. Супрацоўнікам і студэнтам будзе неабходна выканаць нарматывы па нахіле наперад, скачках у даўжыню з месца, бег 30м і 6 мін. Сярод нарматываў - падыманне тулава са становішча лежачы на спіне 60 секунд для жанчын, падцягванне на высокай перакладзіне для мужчын, чаўночны бег 4х9, а таксама бег 1500м для жанчын і 3000м для мужчын. 5 кастрычніка адбудзецца лёгкаатлетычны крос ў рамках спартакіяды навучэнцаў, а таксама агульнаўніверсітэцкі лёгкаатлетычны крос.