25 салістаў-удзельнікаў прадставілі свае нумары 14 кастрычніка, у Дзень Маці.
Перад пачаткам канцэрту фіналістам і запрошаным гасцям было прапанавана паўдзельнічаць у святочнай акцыі: падпісаць паштоўку з найлепшымі пажаданнямі сваёй маме. Ініцыятары акцыі - прадстаўнікі першаснай арганізацыі Беларускага саюза жанчын ГрДУ імя Янкі Купалы - паабяцалі, што паштоўкі абавязкова знойдуць сваіх адрасатаў.
- Мы арганізавалі такую цікавую творчую акцыю, у якой з задавальненнем паўдзельнічалі і студэнты, і магістранты, і аспіранты, - распавяла старшыня першаснай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Карпіцкая. - Паштоўкі падпісвалі і замежныя студэнты. Многія захацелі далучыцца да акцыі і зрабіць сваім мамам прыемны сюрпрыз.
Удзельнікі конкурсу песні прызнаваліся сваім мамам ў каханні са сцэны. Дарэчы, гарадскі конкурс песні пра радзіму і маму праводзіцца ўжо 6-ы год запар. Яго заснавальнікамі з'яўляюцца Гродзенская гарадская арганізацыя "Гараднічанка", ГА "Беларускі саюз жанчын", аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскае гарадское аб'яднанне прафсаюзаў. Як распавялі арганізатары конкурсу, на ўдзел у фінале ў гэтым годзе прэтэндавалі каля ста выканаўцаў.
- Вельмі шмат было пададзена заявак, з чаго можна зрабіць выснову, што ў горадзе Гродна жывуць творчыя людзі, якія ўмеюць спяваць і танцаваць і, галоўнае, шчыра любяць сваю краіну, любяць сваю маму, сваю сям'ю, - распавяла перад пачаткам конкурснага праслухоўвання старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ірына Луканская. - З 100 заявак мы адабралі 25. І хоць фінал конкурсу прадугледжвае, што перамагаюць лепшыя, я думаю, што сёння пераможа любоў да радзімы, да нашых матуль.
Ацэньвала ўзровень выканаўчага майстэрства кампетэнтнае журы. У яго склад увайшлі намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша, ганаровы старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Марыя Бірукова, старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ірына Луканская, старшыня першаснай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Карпіцкая, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Пераможцаў вызначылі ў некалькіх намінацыях. Па выніках конкурсу ўручана 7 узнагарод.
Пераможцай у намінацыі «Салісты-прафесіяналы» стала Уладзіслава Алейнік (Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў). Першае месца ў катэгорыі салістаў-непрафесіяналаў заняла Аляксандра Ціханчук (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы), другое - Ганна Антонава (ААТ "Гродзенскі мясакамбінат"). Лепшым салістам ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці да 14 гадоў» прызнаны Мацвей Худык (ДУА «Гродзенская гарадская гімназія»), на другім месцы - Ксенія Давідовіч (ДУА «Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку»). У намінацыі «Вакальная група, дуэт, трыо - прафесіяналы» перамог вакальны гурт «Раскоша» (Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў). У той жа намінацыі сярод непрафесіяналаў лепшым быў прызнаны хор «Алегра» (УА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў №2»).