У гэтым годзе навучанне ў школе плануюць прайсці больш за 120 студэнтаў-купалаўцаў першых і другіх курсаў.
Упершыню ў ГрДУ імя Янкі Купалы праект «Школа лідэра» - навучальны семінар студэнцкага актыву - стартаваў у верасні 2016 года. У 2019 года ў лік слухачоў школы залічана максімальная колькасць чалавек за ўвесь час працы школы. Самыя актыўныя і зацікаўленыя з іх атрымаюць сертыфікат аб праходжанні навучання.
Адкрыла першы занятак і прывітала ўдзельнікаў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
- Вы сталі ўдзельнікамі праекта і гэта значыць, што вы адчуваеце і хочаце ў сабе развіваць лідарскія якасці, навучыцца чамусьці новаму, невядомаму, абмяняцца меркаваннем адзін з адным, - адзначыла Ірына Фёдараўна. - Сёння наша жыццё рознабаковае і разнапланавае, яно ставіць перад намі комплексныя задачы - матывуе быць лідарам. Таму, калі вы хочаце звязаць сваё жыццё з менеджментам, перад вамі будуць стаяць задачы дзейнічаць у нявызначанасці, прымаць нестандартныя рашэнні. Лідар павінен умець браць на сябе адказнасць, працаваць з велізарным масівам інфармацыі і самае галоўнае - працаваць з людзьмі, весці іх за сабой.
Сёння ў рамках першай сустрэчы рабятам распавялі аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, яе мэтах, асноўных напрамках і прынцыпах. Студэнтаў таксама пазнаёмілі з праграмай праекта. Так, на працягу года двойчы ў месяц купалаўцы будуць даведвацца пра валанцёрскую дзейнасць, студэнцкае самакіраванне, арганізатарскую дзейнасць ў моладзевых грамадскіх аб'яднаннях, развіваць практычныя навыкі дзелавога супрацоўніцтва, партнёрскіх адносін, міжасобаснага і каманднага ўзаемадзеяння. Падрыхтоўка лідэраў будзе праходзіць у фармаце тэматычных інтэрактыўных семінараў, сацыяльна-псіхалагічных трэнінгаў, дзелавых і ролевых гульняў, дэбатаў, мазгавога штурму, працы ў малых групах.
Па словах арганізатараў, заняткі ў «Школе лідара» накіраваныя на азнаямленне з нарматыўна-прававымі дакументамі, якія рэгулююць рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, дзейнасць грамадскіх студэнцкіх аб'яднанняў. Галоўная мэта «Школы лідара» - падрыхтоўка і выхаванне лідараў у маладзёжным асяроддзі: канкурэнтаздольных маладых людзей, арыентаваных на паспяховую прафесійную дзейнасць і якія маюць сацыяльна актыўную жыццёвую пазіцыю.