Мерапрыемства прайшло ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ім. Ёханэса Раў з 18 па 20 кастрычніка і прымеркавана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Тэмай хакатона сталі сучасныя тэхналогіі і IT-рашэнні ў гістарычнай адукацыі, папулярызацыя месцаў памяці і музеяў для моладзі пра Другую сусветную вайну. Усяго для ўдзелу ў хакатоне было пададзена больш за 70 заявак, з якіх журы выбрала 14 найлепшых.
Прэзентацыя заяўленых тэмаў і экспертных выступленняў адбылася 18 кастрычніка. На працягу 48 гадзін камандам трэба было распрацаваць адукацыйныя моладзевыя праекты, звязаныя з культурай памяці, музеямі, гістарычнымі месцамі або памятнымі падзеямі на тэму Другой сусветнай вайны.
Каманда Купалаўскага ўніверсітэта, у склад якой увайшлі загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Вучэбна-метадычнага ўпраўлення Алег Каляга, старшы выкладчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Ілля Сульжыцкі і выкладчык Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Пчэльнік, прадставіла ідэю «OurMemory». Гэта чат-бот, які арыентаваны на пражыванне і эмацыянальнае ўцягванне карыстальніка ў гісторыю рэальных удзельнікаў вайны і які дазваляе самастойна ўплываць на жыццёвы шлях абранага персанажа.
Прыняць удзел у такім мерапрыемстве прапанавала Кацярына Пчэльнік, якая даведалася пра яго з сацыяльных сетак:
- Ідэя ўдзелу ў хакатоне паўстала не спантанна, я даўно цікаўлюся ІТ-рашэннямі для сістэмы адукацыі, фанат мабільных прыкладанняў і іншых рашэнняў у гэтай галіне. Актыўна сачу за тым, што адбываецца ў сферы гістарычнай адукацыі як у Беларусі, так і за яе межамі.
Дарэчы, летам Кацярына Пчэльнік прайшла онлайн-курсы па стварэнні праектаў і іх прэзентацыі на публіцы. Асабістая мэта ўдзелу ў такім праекце для яе - паказаць настаўнікам і выкладчыкам, што, калі ёсць жаданне, то ўсё можна рэалізаваць.
- Мы ўзялі дзённік удзельніка вайны, салдата Вермахта, і заклалі яго змест у чат-бот. Гэта дало магчымасць акунуцца ў атмасферу ваеннай штодзённасці, - распавёў пра ідэю праекта Алег Каляга. - Увесь дзённік працягваецца з чэрвеня па кастрычнік 1941 года, але мы адлюстравалі адзін з дзён - 21 чэрвеня 1941 года. Перавагі нашага прадукту - гэта адсутнасць аналагаў у Беларусі, інклюзіўнасць і эмацыйная ўцягнутасць.
Ілля Сульжыцкі, трэці ўдзельнік каманды, адказваў за тэхнічную рэалізацыю прадукту, выбудоўваў структуру сюжэтнай канвы.
- Мы працавалі камандай і змаглі ператварыць дзённік ў дадатак і зрабілі гэта такім чынам, што ў карыстальніка з'явілася магчымасць пражыць дзень з дзённіка. Мне вельмі спадабаўся фармат хакатона. Атмасфера - рабочая, па-асабліваму творчая і нязмушаная, не было ніякіх абмежаванняў - усё на нашай адказнасці. У фармаце, калі за 48 гадзін трэба ператварыць ідэю ў рэальнасць, атрымліваецца набыць асаблівы вопыт, мабілізаваць свае сілы і выдаць рашэнне.
На працягу двух дзён удзельнікаў # Hack4history з Беларусі, Украіны, Германіі і Расіі кансультавалі эксперты і спецыялісты ў галіне дызайну, PR-менеджменту і праграмавання. Завяршыўся хакатон 4-ох хвіліннымі прэзентацыямі праектаў: прататыпаў вэбсайтаў, прыкладанняў для смартфонаў, мультымедыйных праектаў, гульняў і інш.
Па выніках хакатона журы выбрала 4 праекта-пераможцы, кожны з якіх атрымае падтрымку на дапрацоўку ідэй. У перыяд з кастрычніка па сакавік пераможцы будуць працаваць са спецыялістамі, а гатовыя праекты прадставяць на Форуме ў Мінску ў сакавіку 2020 года.
Арганізатарамі хакатона выступілі Міжнародны адукацыйны цэнтр у Дортмундзе (IBB Dortmund), Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр ім. Ё. Рау (IBB Minsk) сумесна з фондам развіцця Брэсцкай крэпасці, фондам «Халакост» (Расія), Украінскай асацыяцыі вуснай гісторыі і пры фінансавай падтрымцы МЗС Нямеччыны.