23 кастрычніка мерапрыемства аб'яднала студэнтаў фізіка-тэхнічнага факультэта і факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
З рабятамі сустрэўся прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько. Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі гаварылі аб актывізацыі дзейнасці студэнцкага самакіравання і грамадскіх арганізацый універсітэта, узаемадзеянні пры правядзенні грамадска-значных мерапрыемстваў, працы студэнтаў-куратараў па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Абмяркоўваліся і пытанні ўдзелу моладзі Купалаўскага ўніверсітэта ў значных для ўсёй краіны падзеях - перапісу насельніцтва і выбарах у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.
Таксама Васілій Сянько адказаў на пытанні студэнтаў пра забяспечанасць месцамі ў інтэрнатах, будаўніцтва новага інтэрната па вуліцы Дубко, фарміраванне ва ўніверсітэце спартыўных секцый і творчых гурткоў.
Дарэчы, такія сустрэчы запланаваны са студэнцкімі актывамі ўсіх факультэтаў. Чакаецца, што яны пройдуць у лістападзе і снежні гэтага года.