Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя праходзіць 25 кастрычніка і сабрала ў Гродне псіхолагаў-даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. Ён адзначыў узрастаючую ролю гуманітарных ведаў у сучасным свеце. Звярнуў увагу Юрый Раманоўскі і на тое, што купалаўцы заўсёды рады прымаць гасцей у сценах свайго ўніверсітэта, таму што гэта выдатная магчымасць для кожнага набыць новыя кантакты, падзяліцца адзін з адным сваімі ідэямі і напрацоўкамі.
Пачалася канферэнцыя не з пленарнага пасяджэння, як звычайна, а з панэльнай дыскусіі «Роля пазітыўнай псіхалогіі ў сучасным свеце». Як адзначыла мадэратар канферэнцыі, дэкан факультэта псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Ракіцкая, асноўная мэта такога новаўвядзення - хутка ўвесці ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства ў змест кожнага дакладу, а таксама стварыць атмасферу дыялогу. Падчас панэльнай дыскусіі дакладчыкі коратка пазначылі свае тэмы і адказалі на ўступныя пытанні прысутных.
Загадчык кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Канстанцін Карпінскі распавёў пра тое, што пазітыўная псіхалогія - гэта галіна псіхалагічных ведаў, якая толькі зараджаецца і фарміруецца. Ёй не больш за 20 гадоў. Цікава, што раней псіхалогія факусавалася, у асноўным, на негатыўных аспектах чалавечай псіхікі і чалавечых паводзінаў.
Даклады, прадстаўленыя на канферэнцыі, паказалі, што пазітыўная псіхалогія можа паспяхова прымяняцца ў розных жыццёвых сітуацыях і сумежных галінах веды. Так, загадчык кафедры псіхалогіі і педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Святлана Бойка выказала меркаванне, што сучасная медыцына немагчымая без пазітыўнай псіхалогіі. А дацэнт кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Наталля Новак звярнула ўвагу на тое, што прадуктыўнаму перажыванню крызісных момантаў таксама спрыяюць падыходы, выпрацаваныя прадстаўнікамі такой галіны ведаў, як пазітыўная псіхалогія.
Удзельнікі канферэнцыі гаварылі пра вытокі пазітыўнай псіхалогіі і пра тое, што яна ўяўляе сабой на сучасным этапе, пра тыя магчымасці, якія дае новая галіна ведаў, а таксама пра абмежаванні, якія таксама неабходна ўлічваць практыкуючым псіхолагам.
Міжнародная канферэнцыя пад агульнай назвай "Актуальныя праблемы псіхалогіі асобы і сацыяльнага ўзаемадзеяння" праводзіцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўжо ў трэці раз. Арганізатарамі навуковага форума з'яўляюцца факультэт псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, Псіхалагічны інстытут Расійскай Акадэміі адукацыі, Яраслаўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя К.Д.Ушынскага, Мардоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Н.П.Агарова, Кастрамскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Н.А.Някрасава, Херсонскі дзяржаўны ўніверсітэт, Сумскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.С.Макаранка і Універсітэт у Беластоку.