Новы праект дапаможа купалаўцам развіваць інавацыйныя ідэі і рэалізоўваць уласныя бізнес-праекты.
Студыя закліканая падтрымаць праекты і стартапы пачаткоўцаў таленавітых распрацоўшчыкаў, аказаць ім экспертную і арганізацыйную падтрымку. Удзельнікам прапануюць усе неабходныя ўмовы для генерацыі ідэй, дапамогуць ім раскрыць і рэалізаваць патэнцыял у галіне праектнай і прадпрымальніцкай дзейнасці.
Стаць удзельнікамі Студыі праектаў і стартапаў могуць студэнты-купалаўцы ўсіх спецыяльнасцяў, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта - з іх будуць сфарміраваны каманды, якім трэба будзе распрацоўваць і рэалізоўваць ідэі. Каманды атрымаюць у якасці настаўнікаў куратараў-цьютараў для эфектыўнай працы над праектамі.
Дзейнасць Студыі будзе ажыццяўляцца паэтапна. Першы этап прадугледжвае генерацыю праектных ідэй і распрацоўку праектаў. Арганізатары ўжо сабралі ўдзельнікаў з ліку жадаючых. Штотыдзень па суботах яны праходзяць навучанне для атрымання неабходных кампетэнцый, удзельнічаюць у мітапах, трэнінгах, семінарах, майстар-класах, кансультацыях. Праводзяць іх выкладчыкі ўніверсітэта, эксперты ў розных галінах.
У ходзе другога этапа ўдзельнікаў аб'яднаюць у каманды, дзе на аснове прапанаваных праектных ідэй яны распрацуюць бізнес-праекты, атрымаюць экспертную ацэнку ад прафесіяналаў і магчымасць прасоўвання на конкурсах і выставах. На трэцім этапе бізнес-праектам удзельнікаў дапамогуць знайсці практычнае прымяненне. Для запуску праектных стартапаў плануецца прыцягваць кансультантаў, садзейнічаць удзельнікам у пошуку інвестараў і юрыдычнай падтрымцы.
Створаныя ў ходзе работы праекты будуць спрыяць развіццю ГрДУ імя Янкі Купалы як універсітэта прадпрымальніцкага тыпу, павышэнню эканамічнага і культурнага патэнцыялу Гродзенскага рэгіёну і краіны ў цэлым. Удзельнікі таксама атрымаюць магчымасць прадстаўляць свае праектныя ідэі для ўдзелу ў рэгіянальных, нацыянальных і міжнародных конкурсах.
Плануецца, што ў будучыні ўдзельнікамі Студыі праектаў і стартапаў змогуць стаць не толькі прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, але і ўсе, у каго ёсць цікавыя праектныя ідэі і жаданне іх рэалізаваць.
Атрымліваць аператыўную інфармацыю аб дзейнасці Студыі і новых мерапрыемствах можна тут.