Сярод запрошаных на ўрачысты прыём - студэнты-спартсмены ГрДУ імя Янкі Купалы.
Да ўдзельнікаў мерапрыемства з прывітальным словам звярнуўся старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў:
- Праз удзел у міжнародных спаборніцтвах, нашы спартсмены прадстаўляюць краіну і сваю малую радзіму - Гродзеншчыну. Іх перамогі становяцца не толькі асабістым дасягненнем, але і падставай для гонару ўсіх жыхароў Прынямоння.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел спартсмены, якія ў бягучым годзе ўславілі Гродзеншчыну, заваяваўшы прызавыя месцы на найбуйнейшых міжнародных спартыўных спаборніцтвах. Сярод іх - студэнты факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы. Так, студэнт 4 курса Вадзім Ліхарад не раз заваёўваў прэстыжныя ўзнагароды для беларускага спорту. Сярод апошніх - бронза на чэмпіянаце Еўропы - 2019, срэбра на Міжземнаморскім Кубку - 2019. Таксама сярод запрошаных - студэнт 4 курса Купалаўскага ўніверсітэта Віталь Жук, які стаў першым у дзесяцібор'і Чэмпіянату Еўропы па лёгкаатлетычных мнагаборствах - 2019. І магістрант універсітэта Віталь Пясняк - чэмпіён Еўропы 2019 года ў вольнай барацьбе сярод моладзі.
Паўдзельнічалі ў сустрэчы і купалаўцы, якія сталі прызёрамі значнай спартыўнай падзеі Беларусі 2019 году - II Еўрапейскіх гульняў. Гэта ўладальнікі медалёў па грэка-рымскай барацьбе - студэнт 3 курса Аляксандр Грабовік, сярэбраны прызёр, і студэнт 5 курса Саслан Даураў, бронзавы прызёр спаборніцтваў.
Акрамя студэнтаў-спартсменаў, на ўрачыстую сустрэчу былі запрошаны іх трэнеры. У зале прысутнічаў прафесар кафедры спартыўнага выхавання і спорту Вячаслаў Максімовіч.
На працягу мерапрыемства спартсмены і іх настаўнікі былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі. Адзначалася, што падобныя сустрэчы ўжо сталі добрай штогадовай традыцыяй для Гродзенскага рэгіёну.
Уласная інф. і па матэрыялах grodnonews.by