Удзельнікамі on-line трэнінгаў стануць навучэнцы і педагогі школ Гродзенскай вобласці.
«Клікай abit.by – паспяхова паступай!» – пад такім дэвізам ужо ў другі раз у фармаце трэнінгаў пройдзе дыялог супрацоўнікаў рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы і навучэнцаў 9 - 11 класаў школ вобласці. У гэтым годзе трэнінгі будуць арганізаваны ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны.
Падчас мерапрыемстваў старшакласнікаў пазнаёмяць з гісторыяй, дасягненнямі, вучэбным, навуковым, студэнцкім жыццём Купалаўскага ўніверсітэта, а самае галоўнае - з інфармацыяй, неабходнай для паспяховага паступлення, раскажуць аб спецыяльнасцях універсітэта, навінках уступнай кампаніі 2020 года, мерапрыемствах для абітурыентаў, якія запланаваны на працягу года. Гэта ўжо традыцыйныя Дні адчыненых дзвярэй, спецыялізаваная выстава «Адукацыя і кар'ера». Рабяты даведаюцца, што ў 2020 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы плануюць абвясціць набор на тры новыя спецыяльнасці: на факультэце мастацтваў і дызайну «Дызайн (віртуальнага асяроддзя)», на факультэце матэматыкі і інфарматыкі «Штучны інтэлект», а на фізіка-тэхнічным факультэце «Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы».
Па словах арганізатараў трэнінгаў, іх мэта заключаецца ў тым, каб стварыць умовы і даць магчымасць навучэнцам для самавызначэння ў выбары прафесіі з дапамогай знаёмства з універсітэтам і яго інтэрнэт-рэсурсамі. Мерапрыемства будзе спрыяць развіццю ў навучэнцаў камунікатыўных кампетэнцый, навыкаў працы з інфармацыяй, а таксама з асноўнымі паняццямі пры выбары прафесіі - «спецыяльнасць», «кваліфікацыя», «прахадны бал» і іншымі. Рабятам таксама прапануюць прыняць удзел у акцыі «Прафпрагноз» у on-line рэжыме. Школьнікам з дапамогай спецыяльна распрацаванай праграмы неабходна будзе ўсяго толькі пазначыць назвы прадметаў, па якіх яны плануюць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. Пасля чаго праграма падкажа спецыяльнасці ва ўніверсітэтах Беларусі, для паступлення на якія неабходна здаць ЦТ па акрэсленых раней прадметах.
- Падобныя трэнінгі якасна пашыраюць інфармацыйнае поле навучэнцаў, спрыяюць павышэнню матывацыі да больш свядомага выбару прафесіі, цікавасці да самаацэнкі сваёй дзейнасці. Гэта дазваляе старшакласнікам выпрацаваць стратэгію самаразвіцця і вызначыць шлях далейшага адукацыі, - распавяла дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Ірына Карлюкова.