Дэлегатамі канферэнцыі былі прааналізаваны вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія пяць гадоў.
Сярод ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка, ветэран працы ўніверсітэта, былы старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы Уладзімір Хілюта, а таксама дэлегаты ад прафсаюзных арганізацый структурных падраздзяленняў.
У прывітальным слове Ірына Кітурка адзначыла, што галоўны прынцып дзейнасці як прадстаўнікоў адміністрацыі ўніверсітэта, так і прафсаюзнага камітэта - гэта прынцып сацыяльнага партнёрства, а асноўны патэнцыял у любым калектыве - гэта людзі, здольныя на сваім месцы дасягаць высокіх вынікаў.
Старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы Ігар Кергет у сваім дакладзе прааналізаваў вынікі працы за перыяд з лістапада 2014 года па лістапад 2019 года, пазначыў станоўчыя вынікі і праблемныя пытанні, а таксама вызначыў асноўныя напрамкі на наступныя пяць гадоў. Ігар Кергет распавёў пра тое, што рэгулярна на пасяджэннях прэзідыума першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ГрДУ вывучаюцца пытанні калектыўна-дагаворнага рэгулявання, сацыяльнага партнёрства, выканання працоўнага заканадаўства, а таксама заканадаўства аб ахове працы. Ён адзначыў, што за апошнія пяць гадоў ва ўніверсітэце павялічылася колькасць працоўных кантрактаў, заключаных з работнікамі на максімальны тэрмін, а маніторынг за выкананнем працоўнага заканадаўства паказвае, што за справаздачны перыяд значна паменшылася колькасць парушэнняў у структурных падраздзяленнях.
Як прагучала падчас канферэнцыі, адным з істотных дасягненняў прафсаюзнага камітэта ў справаздачным перыядзе стала распрацоўка і ўкараненне сістэмы добраахвотнага страхавання медыцынскіх выдаткаў. Калі у 2018 годзе на момант заключэння поліса было ўсяго 32 жадаючых скарыстацца ўсімі паслугамі медыкаў горада ў рамках добраахвотнага медыцынскага страхавання, то цяпер гэтая лічба павялічылася да 198 чалавек.
Пра тое, як расходаваліся прафсаюзныя сродкі, у тым ліку на аказанне матэрыяльнай дапамогі сябрам прафсаюза, на аздараўленне работнікаў і іх дзяцей, культурна-масавую і спартыўную работу, экскурсіі распавялі прадстаўнікі рэвізійнай камісіі.
Удзел у канферэнцыі прынялі 152 дэлегаты. Пасля разгляду асноўнай павесткі дня прысутныя прагаласавалі за прапанаваныя кандыдатуры на пасады старшыні і намесніка старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама старшыні рэвізійнай камісіі. На пасадзе кіраўніка першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў універсітэта працягне працаваць Ігар Кергет. Напрыканцы канферэнцыі былі абраныя дэлегаты на XXVI справаздачна-выбарчую канферэнцыю Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Падводзячы вынікі, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падкрэсліла, што сёння больш за 99 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў універсітэта - гэта члены прафсаюза, а значыць, Купалаўскі ўніверсітэт - гэта вялікі калектыў прафсаюзных работнікаў. А таму і адміністрацыя ўніверсітэта, і прафсаюзны камітэт павінны працаваць сумесна, і гэта будзе толькі спрыяць эфектыўнаму і хуткаму вырашэнню ўсіх актуальных пытанняў і праблемных момантаў, якія ўзнікаюць у дзейнасці ўніверсітэта.
У рамках мерапрыемства старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы Ігару Кергету быў ўручаны юбілейны медаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі». Ганаровай граматай Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагародзілі начальніка Цэнтра кадравай і прававой работы ГрДУ імя Янкі Купалы Галіну Сакомскую. Ганаровыя граматы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымалі дацэнт кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў Аляксандр Піваварчык і вядучы інжынер аддзела эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання Алена Буйніцкая.
Ганаровымі граматамі прафсаюзнай арганізацыі ўніверсітэта ўзнагароджаны загадчык сектара перыядычных, даведачных выданняў і дысертацыйнага фонду навуковай бібліятэкі Святлана Токарава, намеснік начальніка Цэнтра грамадскага харчавання Наталля Макарава, старшы выкладчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Наталля Ларыёнава, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета лінгвістычных камп'ютэрных тэхналогій Алена Сняжко, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вікторыя Купа, выхавальнік сектара ідэалагічнай і выхаваўчай працы студэнцкага гарадка Вераніка Грыбок, вядучы інжынер-праграміст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Святлана Кісель, вядучы спецыяліст дэканата факультэта мастацтваў і дызайну Марыя Блажэй.