Фінал конкурсу прайшоў 14 лістапада, у знакавы вечар для Купалаўскай сям'і, калі да 80-годдзя ўніверсітэта засталося роўна 100 дзён.
Фінал конкурсу прайшоў 14 лістапада, у знакавы вечар для Купалаўскай сям'і, калі да 80-годдзя ўніверсітэта засталося роўна 100 дзён.
На сцэне канцэртнай залы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы у 2019 годзе ўпершыню сустрэліся і заявілі пра сябе больш за паўтысячы студэнтаў-першакурснікаў з 13 каманд, якія на працягу двух месяцаў змагаліся за права сустрэцца ў фінале - па традыцыі, напярэдадні Міжнароднага дня студэнта. Паспяхова прайсці ўсе выпрабаванні, паказаць высокі ўзровень кемлівасці, гумару і акцёрскага майстэрства змаглі чатыры каманды: філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў, факультэтаў інавацыйных тэхналогій машынабудавання і фізічнай культуры.
Пажадала поспехаў фіналістам і добрага вечара гледачам рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
– Сёння нас сабраў у гэтай зале не толькі конкурс, які мае ў сваёй назве сімвалічныя словы: Аlma mater і любоў. Да гэтых словаў дадаецца яшчэ адна вельмі важная падзея – юбілей. Сёння сапраўды 100 дзён да 22 лютага 2020, калі мы ўсе адзначым 80-годдзе нашага любімага Універсітэта. Я жадаю вам пранесці любоў да сваёй Аlma mater на працягу ўсіх гадоў і нават пасля заканчэння Універсітэта, а ўсім, хто выйдзе на гэтую сцэну, – паказаць усе рысы свайго таленту, а таксама добрага настрою і падтрымкі ад гледачоў!
Першымі ў гэты вечар на сцэну выйшла каманда філалагічнага факультэта, якая сваім выступам трапіла дакладна ў тэматыку конкурсу «Юбілей збірае сяброў» і аб'яднала ў сваім выступе тры пакаленні.
Юбілейная, васьмідзесятая каранацыя Фараона і супрацьстаянне дабра і зла ... Чаму б і не, падумалі студэнты юрыдычнага факультэта і з гумарам паказалі на сцэне, як бы гэта магло быць.
Старажытны Егіпет змяніла вядомая кожнаму казка "Папялушка" у сучаснай інтэрпрэтацыі рабят факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
Фінальным акордам стала выступленне факультэта фізічнай культуры. На сцэне галоўныя героі каманды ператварылася ў сямейку Адамс, якой не атрымалася сапсаваць Дзень нараджэння ўніверсітэта. На думку журы, рабяты змаглі сумясціць у сваім выступе нестандартны сцэнар, яркую акцёрскую гульню, цалкам раскрыць тэму вечара і стаць пераможцамі конкурсу "Alma mater - любоў з першага курсу" 2019 года.
Другое месца журы прысудзіла камандзе юрыдычнага факультэта. Трэцюю прыступку творчага пастамента занялі студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
У рамках конкурсу члены журы таксама ўручылі дыпломы пераможцаў прадстаўнікам факультэтаў у 15 намінацыях. Першым у намінацыі «Лепшы вакальны нумар» стаў вакальны ансамбль студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну, лепшая фінальная песня - ў факультэта біялогіі і экалогіі. Паставіць лепшы харэаграфічны нумар змаглі студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, а арганізаваць лепшы танцавальны калектыў атрымалася на юрыдычным факультэце. Факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання стаў пераможцам у намінацыях «Лепшая рэжысура» і «Лепшая музычная рэжысура», а факультэт фізічнай культуры змог напісаць лепшы сцэнар.
Лепшым вакалістам прызнаны студэнт філалагічнага факультэта Андрэй Дунько, вакалісткай - студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ясенія Балаева. Званне «Лепшая актрыса другога плана» заваявала студэнтка юрыдычнага факультэта Лізавета Куценка, а званне «Лепшы акцёр другога плана» падзялілі студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Ілля Гайдук і курсант ваеннага факультэта Кірыл Алексейчук.
Самыя выбітныя акцёрскія дадзеныя апынуліся ў студэнткі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Эльвіры Шайко і магістранта першага года навучання факультэта фізічнай культуры Уладзіслава Бяляўскага. Званнем «Лепшы вядучы» адзначаны студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Вадзім Вахрушаў.
Усе ўдзельнікі фінальнага этапу ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і сертыфікатамі ад спонсараў мерапрыемства і грамадскіх аб'яднанняў універсітэта. Асаблівым падарункам для тройкі лепшых каманд у гэты вечар сталі сертыфікаты ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Завяршылася святочнае шоу традыцыйным парадам каманд-фіналістак і выкананнем гімна «Alma mater - любоў з першага курсу».