Візіт адбыўся з 11 па 17 лістапада 2019 года ў рамках праграмы акадэмічнай мабільнасці для выкладчыкаў «Erasmus +».
У ходзе наведвання ўніверсітэта Польшчы ў Бяла-Падлясцы дацэнт кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Андрэй Шпакаў прачытаў студэнтам факультэта навук пра здароўе і факультэта сацыяльных навук цыкл лекцый, прысвечаных сучаснаму стану тэорыі і практыкі рэабіліталогіі па прадметах «Фізіяпрафілактыка і прамоцыя здароўя» і «Грамадскае здароўе».
Таксама адбыліся сустрэчы і праведзены перамовы з удзелам прадстаўнікоў кафедры фізічнай культуры і фізіятэрапіі, кафедры здароўя Дзяржаўнай вышэйшай школы імя Папы Рымскага Яна Паўла II, на якіх абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва з факультэтам фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы, вывучаны вопыт арганізацыі вучэбнай і навуковай працы на факультэце навук пра здароўе і сацыяльных навук універсітэта ў Польшчы. Дацэнт Андрэй Шпакаў распавёў польскім калегам пра вопыт вучэбна-выхаваўчай працы і дасягненні ў галіне трансгранічнага навуковага супрацоўніцтва факультэта фізічнай культуры Купалаўскага ўніверсітэта. Пасля удзельнікам перамоваў з польскага боку былі перададзеныя прапановы аб працягу даследаванняў па сумеснай навуковай тэме «Фізіяпрафілактыка з ужываннем формаў фізічнай актыўнасці ў папярэджанні ўздзеяння неспрыяльных для здароўя фактараў у вобразе жыцця і паводзінах крытычных груп насельніцтва. Трансгранічнае даследаванне» ў 2020 годзе.
Дарэчы, падчас перамоваў абмяркоўваліся і магчымасці падрыхтоўкі сумесных публікацый для выдання ў навуковых часопісах, якія ўваходзяць у базы Scopus, Web of Science. Першая сумесная публікацыя, якая адлюстроўвае вынікі даследаванняў у 2019 годзе, ужо адпраўлена ў часопіс «Health Problems of Civilization», які выдаецца ў Дзяржаўнай вышэйшай школе імя Папы Рымскага Яна Паўла II ў Бяла-Падлясцы.