Мерапрыемства 27 лістапада аб'яднала больш за 90 прадстаўніц Рэспублікі Беларусь, Фінляндыі, Францыі, Славеніі, Швецыі, Сербіі, Кыргызстана, Літвы і Расіі.
У гэтым годзе Міжнародны форум у трэці раз прайшоў у Беларусі і ўпершыню - у рэгіёне. Садзейнічанне гендарнай роўнасці, жаночаму лідарству і ўдзелу жанчын у палітычным жыцці на мясцовым узроўні шляхам умацавання патэнцыялу і наладжвання кантактаў паміж жанчынамі ляглі ў аснову сённяшняй сустрэчы. Пра гэта распавяла міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч:
- Форум стаў пляцоўкай для жанчын з розных краін, дзе яны змаглі абмеркаваць практыку і праблемы роўнасці ў пытаннях гендару. Тэмамі форуму стаў удзел жанчын у грамадска-палітычнай сферы грамадства, баланс сям'і і працы ў жыцці жанчыны, а таксама роля ўніверсітэтаў у фарміраванні жанчын лідараў. Варта адзначыць, што сёння ў краіне фармуецца нацыянальны план дзеянняў па гендарнай роўнасці, ён фінішуе ў 2020 годзе і дае старт новаму плану, таму форум - пляцоўка для напрацоўкі тых мер, якія будуць пакладзены ў аснову новага плана 21-25 года.
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр падкрэсліла, што ў лідарстве няма полу, а ёсць сукупнасць якасцяў, якія дазваляюць заўсёды быць першым.
Аб ролі жанчыны ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы распавяла рэктар універсітэта Ірына Кітурка:
- У Гродзенскім рэгіёне і Купалаўскім універсітэце досыць вялікі працэнт жанчын-лідараў. 67% на вядучых кіруючых пасадах сярод дэканаў факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы - гэта жанчыны, сярод кіраўнікоў структурных падраздзяленняў жанчын 66%. Акрамя таго, на працягу некалькіх гадоў пры роўнай канкурэнтнай барацьбе на конкурсе "Студэнт года" перамагаюць дзяўчыны.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што, нягледзячы на сваю актуальнасць, пытанне гендару не павінна быць асноўным пры прызначэнні на пасаду:
- Галоўным у першую чаргу становіцца прафесіяналізм супрацоўніка, яго асабістыя якасці, камунікабельнасць, уменне дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі, прымаць рашэнні і браць адказнасць на сябе. Мы працуем над фарміраваннем лідарскіх якасцяў у нашых супрацоўнікаў і студэнтаў. Ужо на працягу некалькіх гадоў у Купалаўскім універсітэце арганізоўваецца «Школа кіраўніка» для супрацоўнікаў і «Школа лідара» для студэнтаў.
У сваю чаргу, выконваючая абавязкі кіраўніка аддзела дэмакратычнага кіравання і гендэрных пытанняў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ) Айла ван Хіл адзначыла:
- Мы супрацоўнічаем з Беларуссю па пытаннях гендару ўжо больш за тры гады для павышэння актыўнасці жанчын-лідараў, выхавання маладых жанчын-лідараў і пашырэння іх удзелу ў грамадска-палітычных працэсах. Сёння мы прывезлі ў Гродна вялікую каманду экспертаў, якія на працягу сённяшняга дня будуць абмяркоўваць пытанні гендарнай роўнасці.
Сваім вопытам у гэтых пытаннях падзяліліся прадстаўніцы дзяржаўных органаў, бізнесу, грамадскіх аб'яднанняў, парламентарыі, старшыні і спецыялісты міжнародных арганізацый. Сярод мерапрыемстваў форуму - інтэрактыўная дыскусія на тэму «Прыклады перадавой практыкі жаночага лідарства ў рэгіёне і за яго межамі», праца трох тэматычных сесій «Заахвочванне палітычнага ўдзелу жанчын на мясцовым узроўні». На сесіі абмяркоўваліся перашкоды, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў палітыцы, вопыт Беларусі і замежжа ў гэтым пытанні, а таксама прыклады перадавой практыкі, якая падтрымлівае ўдзел жанчын у палітыцы на мясцовым узроўні.
Акрамя таго, удзельніцы казалі пра баланс паміж працай і асабістым жыццём, развіццё сямейна-арыентаванай інфраструктуры і сацыяльнага асяроддзя як рухаючай сілы для прасоўвання гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын у грамадскай і сямейнай сферах.