У ходзе сустрэчы купалаўцы пазнаёміліся з дзейнасцю буйной міжнароднай арганізацыі, змаглі задаць гасцям пытанні і прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні па тэматыцы сустрэчы.
Ад асобы кіраўніцтва ГрДУ імя Янкі Купалы прысутных павітаў прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько. Васілій Васільевіч распавёў пра гісторыю, дасягненні і развіццё Купалаўскага ўніверсітэта на сучасным этапе, прадставіў дэлегацыю гасцей і падзякаваў за візіт.
Да студэнцкай моладзі звярнуўся Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь Жан-Іў Бушардзі, распавёўшы пра тое, з якой мэтай праводзіцца сустрэча:
- У Беларусі наша арганізацыя надае вялікую ўвагу павышэнню дасведчанасці па тэматыцы бежанцаў і асоб без грамадзянства, а таксама шмат працуе з моладдзю, са студэнтамі з дапамогай адукацыйных мерапрыемстваў, тэматычных сустрэч, летніх школ. Вы заўсёды можаце звярнуцца да нас з любымі пытаннямі і прапановамі. Сёння, я спадзяюся, наша сустрэча будзе цікавай і карыснай для вас.
Дарадца па прававых пытаннях прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі Цімафей Саладкоў распавёў купалаўцам аб асноўных напрамках дзейнасці Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН, падкрэсліўшы, што арганізацыя працуе больш чым у 130 краінах свету і аказвае дапамогу больш як 70 мільёнам людзей. З дапамогай відэафільмаў і прэзентацый студэнты даведаліся, з якімі праблемамі сутыкаюцца бежанцы і людзі без грамадзянства. Акцэнт быў зроблены на асаблівасцях працы Прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі ў нашай краіне - як аказваецца дапамога ў Беларусі, і хто ёй можа скарыстацца.
Цікавіла студэнтаў, як можна далучыцца да вырашэння агучаных падчас сустрэчы пытанняў. Пра гэта распавёў старшыня Назіральнага савета міжнароднага грамадскага аб'яднання па навукова-даследчых праграмах «Развіццё», дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі.
- Мы наведалі ўсе абласныя цэнтры Беларусі, правялі для студэнтаў універсітэтаў адукацыйныя мерапрыемствы па праблематыцы бежанцаў і асоб без грамадзянства. Сёння мы актыўна развіваем сетку матываваных валанцёраў па ўсёй краіне, якія дапамагаюць у дзейнасці УВКБ ААН у Беларусі. У асноўным, але не толькі, гэта студэнты юрыдычных спецыяльнасцяў. Менавіта яны працуюць з заяўленай праблематыкай з пункту гледжання заканадаўства і валодаюць неабходнымі, якаснымі ведамі. А значыць, могуць з веданнем справы дапамагаць тым, каму гэта трэба.
Віктар Шадурскі таксама падкрэсліў важнасць адзінства рэгіёнаў краіны ў вырашэнні важных пытанняў міжнароднага маштабу і падзякаваў кіраўніцтву і выкладчыкам юрыдычнага факультэта за падрыхтоўку сустрэчы і садзейнічанне ўдзелу купалаўцаў у праектах арганізацыі.
У завяршэнні мерапрыемства студэнты 2-4 курсаў юрыдычнага факультэта змаглі задаць гасцям пытанні, якія цікавяць і тычацца дзейнасці УВКБ ААН, а пасля аб'ядналіся ў каманды, каб паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні ад міжнароднага грамадскага аб'яднання "Развіццё". Гульня па праблематыцы бежанцаў і асоб без грамадзянства ўключала пытанні, пра якія гаварылася ў межах сустрэчы, а таксама тэст на агульную эрудыцыю будучых юрыстаў. Па выніках гульні купалаўцы атрымалі ад арганізатараў сустрэчы памятныя падарункі і сувеніры.