На мерапрыемства запрасілі студэнтаў-першакурснікаў, уключаных у Банк даных адоранай і таленавітай моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы.
У прывітальным слове першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў адзначыў, што ва ўніверсітэце наладжана і ўдасканальваецца сістэма выяўлення і развіцця адоранай і таленавітай моладзі, накіраваная на рэалізацыю патэнцыялу асобы кожнага студэнта. Паступіўшы ва ўніверсітэт, усе студэнты становяцца часткай вялікай Купалаўскай сям'і, у якой існуе мноства магчымасцяў, каб у поўнай меры выявіць, раскрыць і рэалізаваць таленты кожнага студэнта, што і адлюстроўвае Місія ўніверсітэта.
У межах сустрэчы студэнтам было прапанавана выканаць творчае заданне «Крокі да поспеху»: пералічыць, якія дзеянні і мерапрыемствы неабходна прадпрымаць студэнту, сям'і, а якія - універсітэту, каб падтрымаць маладых і крэатыўных купалаўцаў і дапамагчы ім рэалізаваць свае творчыя і арыгінальныя ідэі. Студэнты працавалі ў міжфакультэцкіх групах пад кіраўніцтвам мадэратараў - выкладчыкаў, якія курыруюць работу з адоранай і таленавітай моладдзю на факультэтах. Па выніках сустрэчы студэнты-першакурснікі адзначылі, што адным з важных складнікаў поспеху з'яўляецца камунікацыя з кіраўніцтвам універсітэта, студэнтамі і выкладчыкамі іншых спецыяльнасцяў і факультэтаў. Плануецца, што падобныя семінары і творчыя сустрэчы для студэнтаў усіх факультэтаў стануць сталымі ва ўніверсітэце.
Варта адзначыць, што студэнты ўключаюцца ў Банк даных адоранай і таленавітай моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы дзякуючы дасягненням у галіне адукацыі, навукі, мастацтва, спорту, грамадскай дзейнасці. Першакурснікі - у адпаведнасці з дасягненнямі да паступлення ва ўніверсітэт, а таксама якія набралі найвышэйшую колькасць балаў пры паступленні.