У канферэнцыі прымаюць удзел больш за 300 чалавек з розных раёнаў Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, а таксама з Гомеля і Мінска.
Колькасць удзельнікаў Каложскіх чытанняў, якія штогод праводзяцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы, пастаянна павялічваецца. Традыцыйна, у навукова-адукацыйнай канферэнцыі прымаюць удзел як юныя і маладыя даследчыкі - школьнікі і студэнты, так і знакамітыя навукоўцы. Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі звярнуў увагу на важнасць такога дыялогу паміж пакаленнямі:
- Сёння ў нас у зале прысутнічаюць прадстаўнікі розных пакаленняў: гэта і школьнікі, і студэнты, і ўжо сталыя навукоўцы. Прысутнічаюць не толькі навукоўцы, але і прадстаўнікі духавенства, паколькі гэта мерапрыемства праводзіцца, дзякуючы агульнай ініцыятыве работнікаў сістэмы адукацыі і прадстаўнікоў Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Упэўнены, што храм у рэлігійным разуменні і храм навукі, аб'яднаўшыся разам, змогуць паспрыяць вырашэнню многіх актуальных праблем сучаснага грамадства. Думаю, што галоўным вынікам канферэнцыі стане выпрацоўка агульных падыходаў у разуменні значнасці той памяці, якая засталася ў нас, нашчадкаў Вялікай Перамогі. І тэма для канферэнцыі "Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі" абраная вельмі актуальная, асабліва напярэдадні важнага для нас свята - 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Кіраўнік аддзела адукацыі Гродзенскай праваслаўнай епархіі Ігар Данільчык, у сваю чаргу, падзякаваў універсітэту за тое, што Каложскія чытанні заўсёды праводзяцца на такім высокім узроўні. Вяртаючыся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, ён успомніў пра тое, што царква адной з першых заклікала народ стаць на абарону Радзімы ў чэрвені 1941 года.
- Падчас вайны царква дапамагала параненым у шпіталях, на ахвяраванні вернікаў і духавенства была створана танкавая калона ў гонар Дзмітрыя Данскога, авіяцыйная эскадрылля ў гонар Аляксандра Неўскага, і гэтыя фарміраванні прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. Гэта значыць, і словам, і справай у гэтыя цяжкія гады царква, як магла, падтрымлівала Радзіму, - адзначыў Ігар Данільчык.
На актуальнасць тэмы VIIІ Каложскіх чытанняў у сваім прывітальным слове звярнула ўвагу таксама і рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка:
- Сённяшняя тэма - гэта тэма вялікай размовы не толькі пра мінулае, але і пра сучаснае жыццё. Вельмі важна правільна тлумачыць прадстаўнікам маладога пакалення, як звязаць цяперашні час з мінулым, каб стварыць плацдарм для руху ў будучыню.
Удзельнікі канферэнцыі будуць працаваць на працягу двух дзён. Прадугледжаны розныя фарматы правядзення Каложскіх чытанняў. Такі падыход дазваляе даследаваць і абмеркаваць заяўленую праблематыку найбольш поўна.
- Традыцыя праводзіць адукацыйныя чытанні зарадзілася ў 2011 годзе. Тады выкладчыкі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна са святарамі Гродзенскай епархіі правялі са студэнтамі і школьнікамі адукацыйныя чытанні, прысвечаныя памяці выдатнага вучонага і культурнага дзеяча Дзмітрыя Сяргеевіча Ліхачова. З 2012 года канферэнцыя праводзіцца пад назвай «Каложскія чытанні», - распавяла загадчык кафедры рускай філалогіі Таццяна Аўтуховіч. - За час правядзення канферэнцыі з'явіліся новыя формы работы. Так, разам з пленарным пасяджэннем з мінулага года мы праводзім дыскусійную пляцоўку, круглы стол, праводзім педагагічную майстэрню для работнікаў малодшага звяна сістэмы адукацыі.
У першы дзень праграмай VIIІ Каложскіх чытанняў прадугледжана правядзенне пленарнага пасяджэння і круглага стала на тэму «Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне ў свядомасці сучаснага грамадства», а таксама дыскусійнай пляцоўкі «Ці патрэбна нам памяць пра Вялікую Айчынную вайну». Секцыйныя пасяджэнні пройдуць 6 снежня на базе гімназіі №2 і сярэдняй школы №38 горада Гродна. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць дзейнасць цэркваў і міжканфесійныя адносіны ў час Вялікай Айчыннай вайны, пагавораць пра мемарыялізацыю памяці аб вайне на тэрыторыі малой радзімы да 75-годдзя вызвалення Беларусі, пра асаблівасці ваеннага акупацыйнага рэжыму, партызанскага і падпольнага руху, лёсы педагогаў і святароў у гады вайны. Сярод тэм канферэнцыі - таксама ваенная героіка ў рускай літаратуры і развіццё яе традыцый, асэнсаванне ваеннага вопыту ў літаратуры і мастацтве.
Каложскія чытанні з'яўляюцца рэгіянальным этапам Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў, якія праводзяцца ў Маскве, і ўключаны ў Праграму супрацоўніцтва ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2019 г.. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.