Выязныя мерапрыемствы, майстар-класы, кірмашы і канцэрты правядуць прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта.
Марафон святочных мерапрыемстваў ужо стартаваў і працягнецца да 8 студзеня.
Тэматычныя святы для выхаванцаў спецыялізаваных устаноў аднымі з першых правялі прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання, а таксама факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання. Філалагічны факультэт абвясціў пра старт навагодняй акцыі «Чараўніцтва на парозе». Дабрачынная акцыя накіравана на аказанне дапамогі малазабяспечаным сем'ям Ленінскага раёна горада Гродна.
Прадстаўнікі педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы праводзяць дабрачынную акцыю «Ліст Дзеда Мароза», у рамках якой запланаваны збор і перадача падарункаў выхаванцам Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Гродна і Гродзенскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У сваю чаргу прадстаўнікі юрыдычнага факультэта прыступілі да выканання навагодніх жаданняў падапечных Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Сабраныя падарункі будуць уручаны кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі і студэнтамі падчас навагодняга свята, якое адбудзецца ў Васiлiшкаўскiм доме-інтарнаце 27 снежня.