Практыка-арыентаваны семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў гандлёвых арганізацый Гродзенскага рэгіёну «Інтэрнэт-маркетынг і прасоўванне бізнесу ў інтэрнэт» прайшоў 13 снежня на факультэце эканомікі і кіравання.
Удзельнікамі семінара сталі прадстаўнікі ўпраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, кіраўнікі і прадстаўнікі буйных гандлёвых прадпрыемстваў г. Гродна і Гродзенскай вобласці.
Адкрыла работу семінара дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая, якая пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця сістэмы эканамічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, магчымасцямі атрымання адукацыі на факультэце эканомікі і кіравання. Дэкан адзначыла высокі ўзровень аўтаматызацыі працэсаў падрыхтоўкі спецыялістаў эканамічнага профілю за кошт укаранення інавацыйных метадаў выкладання і новых аўтаматызаваных праграм у рамках лічбавай эканомікі, а таксама падкрэсліла, што канкурэнтаздольнасць выпускнікоў факультэта эканомікі і кіравання забяспечваецца аптымальным спалучэннем фундаментальнай і практыка-арыентаванай адукацыі.
Дацэнт кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Валерый Шышко распавёў як забяспечыць устойлівае развіццё арганізацый гандлю ў нестабільных умовах, як дамагчыся камерцыйнага поспеху, задаволіць зменлівыя патрэбы пакупнікоў як пры працы ў стацыянарных гандлёвых арганізацыях, так і пры прасоўванні продажаў праз інтэрнэт, як выкарыстоўваць розныя медыя-каналы для павышэння эфектыўнасці продажаў тавараў, а пры гэтым выканаць жорсткія патрабаванні шматлікіх нарматыўных дакументаў па фарміраванні асартыментнай палітыкі, цэнавай палітыкі, па забеспячэнні якасці тавараў. Акрамя таго, Валерый Шышко прывёў прыклады вядзення паспяховага бізнесу, заснаваныя на вопыце практычнай работы.
Заснавальнік і кіраўнік маркетынгавага агенцтва, заснавальнік школы прасоўвання бізнесу «Эйво», бізнес-трэнер, выпускнік факультэта эканомікі і кіравання Сяргей Вялічка правёў майстар-клас «Экспрэс-аўдыт сайта гандлёвых прадпрыемстваў». Слухачы пазнаёміліся з методыкай тэставання сваіх сайтаў, ацэнкай канкурэнтнага асяроддзя ў онлайн-прасторы, навучыліся фармаваць чэк-ліст і праводзіць наладу сістэм вэб-статыстыкі. Ён раскрыў сучасныя патрабаванні спажыўцоў да працы гандлёвых арганізацый і даў рэкамендацыі па прыцягненню пакупніка ў складаным канкурэнтным асяроддзі з выкарыстаннем інтэрнэт-маркетынгу.
У завяршэнне семінара адбылася плённая дыскусія, падчас якой прадстаўнікі гандлёвых арганізацый абмеркавалі з бізнес-трэнерамі праблемныя сітуацыі. У кожнага ўдзельніка была магчымасць пагутарыць з экспертамі і атрымаць індывідуальныя кансультацыі з улікам спецыфікі працы іх гандлёвай арганізацыі. Пасродкам анкетавання ўдзельнікі семінара змаглі ацаніць якасць праведзенага семінара і прапанаваць новыя напрамкі супрацоўніцтва. Па выніках працы семінара ўсім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты.
Практыка-арыентаваныя семінары, якія праводзяцца на факультэце эканомікі і кіравання, спрыяюць ўзмацненню ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў як па падрыхтоўцы спецыялістаў эканамічнага профілю, так і па павышэнні прафесійных кампетэнцый супрацоўнікаў рэальнага сектара эканомікі.