Узнагароджанне прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У арганізацыі перапісу насельніцтва 2019 года актыўны ўдзел прынялі 289 студэнтаў і 15 супрацоўнікаў універсітэта, якія працавалі ў якасці перапісчыкаў на стацыянарных участках горада Гродна. Усе яны былі заахвочаны не толькі граматамі і лістамі падзякі, але і грашовымі прэміямі.
- Сёння мы запрасілі тых, хто ўнёс свой неацэнны ўклад у мерапрыемства, якое праходзіць у Рэспубліцы Беларусь раз у дзесяцігоддзе, - адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Упэўнена, што падчас гэтага адказнага мерапрыемства вы набылі неацэнны вопыт і неацэнныя кампетэнцыі. Хачу сказаць усім вам вялікі дзякуй і падзякаваць вам за актыўны ўдзел.
Сустрэча адбылася з удзелам начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці Святланы Шчырай. Яна адзначыла, што паміж статыстычным ўпраўленнем і Купалаўскім універсітэтам даўно наладжана супрацоўніцтва. Студэнты праходзяць на базе ўпраўлення практыку, а таксама дапамагаюць статыстыкам ў арганізацыі маштабных сацыяльных мерапрыемстваў, такіх, як перапіс насельніцтва 2019 года.
- Перапіс - гэта вельмі важнае для дзяржавы мерапрыемства, і ў гэтым годзе пры правядзенні перапісу нам вельмі дапамаглі студэнты, - распавяла Святлана Шчырая. - У Гродне ў якасці перапісчыкаў працавалі 370 студэнтаў, прычым каля 300 з іх - гэта былі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Студэнтка філалагічнага факультэта Маргарыта Сяцько распавяла, што ахвотна пагадзілася паўдзельнічаць у правядзенні перапісу насельніцтва. Яна ўпэўненая, што набыты вопыт можа спатрэбіцца ёй у будучыні ў педагагічнай дзейнасці:
- Я часта ўдзельнічаю ў розных універсітэцкіх мерапрыемствах, займаю актыўную жыццёвую пазіцыю. Мне цікава пазнаваць нешта новае, спрабаваць сябе ў новай ролі. Паўдзельнічаць у правядзенні перапісу я пагадзілася, таму што мне здалося, што я змагу такім чынам атрымаць новы, цікавы досвед. Я хацела папрацаваць з людзьмі, пагутарыць з імі, бо я будучы настаўнік, і канструктыўныя зносіны - адзін з асноўных навыкаў, якім я павінна валодаць як прафесіянал.
У час мерапрыемства студэнтам факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы былі ўручаны лісты падзякі ад імя рэктара ўніверсітэта, а таксама Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці і Гродзенскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ». Напрыканцы сустрэчы прагучалі віншаванні з надыходзячымі святамі - Калядамі і Новым годам.