На працягу месяца купалаўцы наведвалі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і прымалі ўдзел у навагодніх ранішніках у дамах-інтэрнатах вобласці.
Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіла з 9 снежня 2019 года па 10 студзеня 2020 года. Студэнты, супрацоўнікі і кіраўніцтва ўніверсітэта за час правядзення акцыі пабывалі ў 12 установах і не пакінулі без увагі і падарункаў у навагодні перыяд 987 выхаванцаў. Агульная сума аказанай дапамогі - каля 10 тысяч беларускіх рублёў.
Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі прадстаўнікі ўсіх факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яны ініцыявалі правядзенне шматлікіх тэматычных мерапрыемстваў, падчас якіх былі сабраныя навагоднія падарункі для дзяцей са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем'яў, а таксама выхаванцаў дзіцячых дамоў і спецыялізаваных сацыяльных устаноў. Купалаўцы стваралі навагоднія паштоўкі падчас майстар-класаў і выконвалі жаданні з дзіцячых лістоў Дзеду Марозу.
Цацкі, адзенне, сродкі гігіены, канцылярскія тавары і прысмакі былі перададзеныя выхаванцам і падапечным Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах, Дзённага цэнтра Чырвонага Крыжа для дзяцей з інваліднасцю г. Гродна, Гродзенскага дзіцячага хоспіса, Ваўкавыскага дзіцячага дома, дапаможнай школы №1 абласнога цэнтра, Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Гродна, Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафзічнага развіцця, а таксама іншых сацыяльных устаноў.
Навагодняя акцыя «Нашы дзеці» з'яўляецца традыцыйнай і праводзіцца ў рэспубліцы ўжо больш за 20 гадоў. Акцыя накіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям і сем'ям, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. На працягу многіх гадоў дабрачынную ініцыятыву падтрымліваюць таксама і прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.