Падчас афіцыйнай гутаркі абмяркоўваліся магчымасці атрымання адукацыі грамадзянамі КНР у ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама рэалізацыя сумесных культурных праектаў.
Перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва з прадстаўніком Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Кітайскай Народнай Рэспублікі Ціанам Дзі абмеркавалі прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых, начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз і дэкан факультэта мастацтваў і дызайну Людміла Чарнілоўская.
У пачатку сустрэчы прарэктар Юрый Белых адзначыў, што міжнароднае супрацоўніцтва і інтэрнацыяналізацыя адукацыі - гэты стратэгічны кірунак развіцця нашага ўніверсітэта. Таму Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы заўсёды адкрыты для дыялогу з прадстаўнікамі розных краін.
- Сёння ва ўніверсітэце навучаюцца каля тысячы замежных студэнтаў, - распавёў Юрый Белых. - Сярод іх шмат кітайскіх грамадзян. Студэнты з Кітая - на 4 месцы ў агульнай колькасці замежных грамадзян, якія выбіраюць Купалаўскі ўніверсітэт для атрымання адукацыі. Мы гатовыя прыняць яшчэ больш вашых суайчыннікаў.
Прадстаўнік Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Кітайскай Народнай Рэспублікі Ціан Дзі, у сваю чаргу, распавёў, што ў Рэспубліку Беларусь штогод прыязджаюць вучыцца каля 4 тысяч абітурыентаў з Кітая.
- Наш Фонд, - патлумачыў Ціан Дзі, - дапамагае аплачваць арганізацыйныя выдаткі, звязаныя з атрыманнем адукацыі за мяжой, тым нашым суайчыннікам, якія маюць у гэтым патрэбу, валодаюць недастатковым матэрыяльным рэсурсам. Мы дапамагаем ім вызначыцца з універсітэтам, фінансуем навучанне на падрыхтоўчым этапе. Студэнты з нашай першай, пробнай, групы, якім аказаў садзейнічанне Фонд, у верасні мінулага года паступілі ў два мінскія ўніверсітэты. Але мы хочам, каб у перспектыве нашы студэнты вучыліся і ў іншых гарадах Беларусі.
Ціан Дзі адзначыў, што ўпершыню прыехаў у Гродна і наш горад здаўся яму вельмі еўрапейскім. Прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта паабяцалі пазнаёміць госця з горадам бліжэй і правесці экскурсію па старадаўнім Гродна. Акрамя таго, у працяг сустрэчы для прадстаўніка Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Кітайскай Народнай Рэспублікі было арганізавана наведванне факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы. Ціан Дзі ініцыятыву падтрымаў, распавёўшы, што Фонд, які ён прадстаўляе, з 2015 года арганізоўвае Фестываль мастацтваў як у межах Кітая, так на міжнародным узроўні. Таму сумесныя культурныя праекты таксама змаглі б стаць адным з кірункаў далейшага плённага супрацоўніцтва паміж Купалаўскім універсітэтам і Фондам па падтрымцы таленавітай моладзі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Ціан Дзі прабудзе ў Гродне некалькі дзён і сустрэнецца таксама з прадстаўнікамі іншых факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Як прагучала, ужо ў гэтым годзе 110 абітурыентаў з Кітая, якія падтрымліваюцца Фондам, будуць паступаць у беларускія ВНУ. Магчыма, некаторых з іх прыцягнуць спецыяльнасці, прапанаваныя Купалаўскім універсітэтам.