Міжнародныя спаборніцтвы сярод жаночых каманд праходзілі ў Купалаўскім універсітэце з 17 па 19 лютага ў рамках святкавання 80-годдзя.
VI Міжнародны турнір па валейболе на Кубак рэктара аб'яднаў удзельніц з Беларусі, Польшчы і Расіі. У спаборніцтвах, якія ўжо сталі своеасаблівай візітнай карткай Купалаўскага ўніверсітэта, прымалі ўдзел спартсменкі ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, АСДЮШАР імя А.М. Сапегі, Універсітэта ў Беластоку, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта, «Газпром трансгаз Беларусь», БДПУ імя М.Танка і каманды Сілезскага тэхналагічнага ўніверсітэта з г. Глівіцэ, Польшча.
Першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў на ўрачыстым закрыцці турніру пажадаў камандам далейшых поспехаў у спорце, гульцам - павышэння спартыўнага майстэрства, а таксама запрасіў усіх удзельнікаў наведаць спартыўныя спаборніцтвы ў наступным годзе.
Па выніках VI Міжнароднага турніру па валейболе на Кубак рэктара перамогу атрымала каманда ГрДУ імя Янкі Купалы. Другое месца - у АСДЮШАР імя А.М. Сапегі. Трэцяе месца заняла каманда спартсменак з Сілезскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Таксама ў кожнай камандзе быў вызначаны і ўзнагароджаны лепшы гулец турніру.
Завяршыліся спаборніцтвы ў Купалаўскім універсітэце святочным флешмобам, прысвечаным юбілею ўніверсітэта. Удзельнікі, арганізатары і госці турніру сталі на спартыўнай пляцоўцы ў лічбу «80» і такім чынам павіншавалі ГрДУ імя Янкі Купалы з надыходзячым 80-годдзем.