Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Задаючы тон размовы, Ірына Кітурка адзначыла, што гатовая падтрымаць любую ініцыятыву студэнтаў.
- Вы - актыў на сваіх факультэтах, вы тыя, за якімі ідуць іншыя студэнты. Таму я чакаю ад вас яшчэ большай актыўнасці, чакаю, што ў будучыні такія сустрэчы мы ўсё часцей будзем праводзіць па ініцыятыве студэнтаў, а не кіраўніцтва, - звярнулася Ірына Кітурка да прысутных.
Адным з пытанняў стала будаўніцтва новага інтэрната. У прыватнасці, студэнтаў цікавіла, ці выпрацаваны нейкія крытэрыі, па якіх купалаўцы будуць засяляцца ў новы інтэрнат у першачарговым парадку. Ірына Фёдараўна адказала, што гатовая з гэтай нагоды разгледзець прапановы саміх студэнтаў. Дарэчы, апытанне ўжо праведзена, і яго вынікі стануць вядомыя ў бліжэйшы час.
Працягваючы тэму будаўніцтва новага інтэрната, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што ўзвядзенне будынка ідзе з апераджальнымі тэмпамі, і яна гатовая падтрымаць студэнцкую ініцыятыву паўдзельнічаць у арганізаваных суботніках на будаўнічай пляцоўцы. У сваю чаргу, студэнты прапанавалі арганізаваць летам працу будатрада і такім чынам паспрыяць хутчэйшай здачы ў эксплуатацыю доўгачаканага аб'екта.
Былі закрануты ў ходзе адкрытага дыялогу і пытанні, якія тычацца функцыянавання іншых інтэрнатаў Купалаўскага ўніверсітэта. Многія з іх тычыліся студэнцкага інтэрната №3. У выніку агучаных праблемных момантаў рэктар вырашыла на месцы і літаральна на наступны дзень прызначыла сустрэчу са студэнтамі, якія там пражываюць.
Сярод актуальных пытанняў, агучаных падчас шчырай размовы з рэктарам, было таксама і пытанне аб магчымым павышэнні аплаты за навучанне. Ірына Кітурка пацвердзіла, што аплата падвысіцца з 1 красавіка, памер павышэння кошту ў дадзены момант абмяркоўваецца.
Падчас адкрытага дыялогу пагаварылі і пра медыцынскае абслугоўванне студэнтаў, і пра арганізацыю харчавання, і пра падтрымку студэнцкіх стартапаў. Закранулі таксама тэму 75-годдзя Вялікай Перамогі і абмеркавалі, якія мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавай даты, можна правесці ў новым фармаце.
Напрыканцы размовы рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падзякавала студэнтам за актыўнасць, а таксама за шчырую размову. Ірына Фёдараўна яшчэ раз нагадала, што, кіруючыся Місіяй ўніверсітэта, яго кіраўніцтва імкнецца выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага студэнта. І, калі ў гэтым ёсць узаемная зацікаўленасць, то такія сустрэчы студэнтаў з кіраўніцтвам універсітэта павінны праходзіць часцей, у тым ліку і па ініцыятыве саміх студэнтаў.