Кампанія будзе займацца распрацоўкай сайтаў і аказаннем паслуг у IT-галіне.
Адпаведны дагавор падпісалі дырэктар Тэхнапарка Аляксандр Васілевіч і студэнт факультэта матэматыкі і информатыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Павел Раманец. Яго кампанія плануе распрацоўваць праграмнае забеспячэнне, якое дапаможа больш эфектыўна арганізоўваць дзейнасць у такіх галінах, як адукацыя і медыцына.
- Жаданне стварыць сваю кампанію ў мяне ўзнікла даўно. І, нягледзячы на тое, што я вучуся толькі на другім курсе, я вырашыў паспрабаваць свае сілы. Тым больш што ўніверсітэт дае выдатныя магчымасці для развіцця, - падзяліўся Павел Раманец. - Спадзяюся, што мне ўдасца паспяхова сумяшчаць працу з вучобай, бо для мяне аднолькава важна добра засвоіць веды, якія даюць ва ўніверсітэце, пераняць багаты вопыт, назапашаны выкладчыкамі, і ў той жа час хутчэй выкарыстоўваць атрыманыя веды на практыцы.
Сама ідэя для бізнесу ў студэнта-другакурсніка Паўла Раманца з'явілася нечакана. Як стараста вучэбнай групы, ён вырашыў спрасціць працэс зносін паміж студэнтамі і выкладчыкамі ва ўніверсітэцкім асяроддзі. У выніку, Павел стварыў спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для стараст, якое ён цяпер апрабуе і ў хуткім часе плануе прапанаваць для выкарыстання ва ўсіх навучальных групах універсітэта. У працэсе распрацоўкі дадатку для студэнтаў, Павел Раманец вырашыў, што стварэнне падобных IT-сэрвісаў магло б быць шырока запатрабавана як у галіне адукацыі, так і ў медыцыне. Менавіта на гэтыя дзве сферы кампанія-рэзідэнт Тэхнапарка, створаная студэнтам-купалаўцам, і плануе рабіць стаўку ў бліжэйшы час.
Рэзідэнты Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы могуць разлічваць на розныя прэферэнцыі: нізкую арэндную плату, падатковыя льготы, а таксама магчымасць атрымаць поўную і своечасовую інфармацыю ад кампетэнтных юрыстаў, эканамістаў і іншых спецыялістаў, у дапамозе якіх асабліва маюць патрэбу пачаткоўцы бізнесмены.