У ГрДУ імя Янкі Купалы ўрачыста адсвяткавалі Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь
Павітала і павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства - супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта - рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
- Герб, сцяг і гімн - гэта тое, што ўвасабляе незалежнасць нашай краіны. Я ад душы віншую нас усіх з гэтым святам і вельмі ганаруся тым, што мы адзіны ўніверсітэт у Гродне, які мае такое выдатнае і ўнікальнае месца - Плошча ўніверсітэцкага сцяга. Для Купалаўскага ўніверсітэта сённяшняя акцыя значыць зараджэнне новай традыцыі.
Ірына Кітурка падкрэсліла сімвалічнасць таго, што ў гэтым годзе Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адзначаецца ў дні святкавання Свяшчэннай даты - 75-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ад асобы студэнтаў у гэты дзень са словамі віншавання выступіла прадстаўніца педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач. Яна адзначыла, што для маладога пакалення вельмі важна памятаць гісторыю свайго народа, сваёй краіны і сям'і, а таксама перадаць яе сваім дзецям.
Ганаровым правам вынасу і ўзняцця дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь удастоены лепшыя студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў галіне навукі, культуры і адукацыі ўслаўляюць ГрДУ імя Янкі Купалы ў Беларусі і далёка за яе межамі. У 2020 годзе імі сталі старшы выкладчык кафедры міжнароднага права юрыдычнага факультэта, пераможца ў намінацыі «Выкладчык без ступені» па выніках рэйтынгу прафесарска-выкладчыцкага складу Алена Корнева, дацэнт кафедры агульнай фізікі фізіка-тэхнічнага факультэта, які заняў па выніках рэйтынгу прафесарска-выкладчыцкага складу другое месца у намінацыі «Малады навуковец» Андрэй Лавыш, старшыня грамадскага аб'яднання ветэранаў працы ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Кудзель, кандыдат фізіка-матэматычных навук, стыпендыят Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Святлана Гогалева. У іх ліку старшыня студэнцкага савета педагагічнага факультэта Кацярына Гануцына, старшыня зямляцтва замежных студэнтаў, студэнт юрыдычнага факультэта Раўшэн Султанаў, студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, удзельнік рэспубліканскай акцыі "Во славу агульнай Перамогі" Уладзіслаў Мандзік і член Штаба працоўных спраў, намеснік старшыні валанцёрскай арганізацыі студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы Вольга Русілка.
Кульмінацыяй акцыі стала ўзняцце сцяга Рэспублікі Беларусь на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, пасля чаго кожны ўдзельнік выпусціў у неба паветраныя шары - у колеры дзяржаўнай сімволікі.