Усяго са спецфонду Прэзідэнта на падтрымку адораных навучэнцаў і студэнтаў накіруюць больш як Br 1 млн.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 18 мая падпісаў распараджэнне, якім зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У адпаведнасці з дакументам стыпендыі фонду назначаны 199 студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі. Пераможцам XVI Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы і Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграмавання (2019 г.) прысуджаны грашовыя прэміі або заахвочвальныя стыпендыі з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду. Пераможцы міжнароднай алімпіяды школьнікаў па фізіцы, хіміі і матэматыцы (2019 год), алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць" 2019 года і ХХІ Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў заахвочаны грашовымі прэміямі.
Стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на другі семестр 2019/2020 года ў памеры 127,64 рубля штомесяц удастоены і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта. Гэта студэнтка факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Паліна Бубешка, студэнтка юрыдычнага факультэта Аляксандра Карых, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Наталля Макарэвіч, студэнткі педагагічнага факультэта Ангеліна Рутто і Дар'я Салей.
Грашовымі прэміямі ў памеры 1080 руб з уручэннем нагруднага знака "Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў І студэнтаў" адзначаны пераможцы Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграмавання - студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Арсень Коласаў, студэнты факультэта эканомікі і кіравання Віктар Адынец і Уладзілен Лакцевіч.
Прыняцце распараджэння Прэзідэнта накіравана на забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, стварэнне спрыяльных умоў для далейшага развіцця іх здольнасцяў і паспяховай вучобы.