Пагадненне аб рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы падпісана рэктарамі ГрДУ імя Янкі Купалы і Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта.
Цырымонія падпісання пагаднення адбылася ў рэжыме онлайн. У пачатку мерапрыемства, звяртаючыся да прадстаўнікоў Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла:
- Мы ўсё ж такі разлічваем на хуткую сустрэчу ў сценах нашага ўніверсітэта, каб вы змаглі на свае вочы пераканацца, што мы гасцінныя, прафесійныя і гатовыя да супрацоўніцтва не толькі онлайн.
У сваю чаргу, рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта Рахім Хакімаў выказаў шчырую зацікаўленасць у хуткім часе больш блізка азнаёміцца з тым, як арганізаваны адукацыйны працэс у Купалаўскім універсітэце. Таксама ён распавёў, што ўжо мае ўяўленне пра пэўныя дасягненнях купалаўцаў у галіне адукацыі і навукі і прыемна ўражаны вынікамі плённай дзейнасці гродзенскіх калегаў.
- Вельмі рады, што першым нашым партнёрам у Рэспубліцы Беларусь стане менавіта Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, - адзначыў Рахім Хакімаў. - Трэба сказаць, што ў апошні час паміж нашымі дзяржавамі на самым высокім узроўні наладжана ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. І гэта добры стымул для развіцця ўзаемаадносін паміж ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Узбекістана.
Ірына Кітурка падзякавала Рахіму Хакімаву за высокую ацэнку дзейнасці Купалаўскага ўніверсітэта і выказала ўпэўненасць, што пастаўленыя сёння подпісы неўзабаве будуць падмацаваныя канкрэтнымі справамі і дасягненнямі ў арганізацыі сумеснага адукацыйнага працэсу. Як прагучала падчас сустрэчы, для ГрДУ імя Янкі Купалы гэта таксама першы вопыт супрацоўніцтва з калегамі з Узбекістана ў падрыхтоўцы спецыялістаў для юрыдычнай сферы.
Сумесная адукацыйная праграма "3 + 1" прадугледжвае, што навучанне будучых юрыстаў будзе праходзіць на базе дзвюх устаноў адукацыі: ГрДУ імя Янкі Купалы і Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта. На 1, 2 і 4 курсах замежныя студэнты будуць атрымліваць адукацыю ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У той час як праграму 3 курса яны будуць асвойваць ва Узбекістане - на базе Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта.
Паставіўшы электронныя подпісы і замацаваўшы тым самым агучаныя ўмовы пагаднення, Ірына Кітурка і Рахім Хакімаў выказалі ўпэўненасць у паспяховай рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы паміж двума ўніверсітэтамі.