Віртуальным сэрвісам ужо скарысталіся больш за 150 чалавек.
Рэгістрацыя абітурыентаў у рэжыме онлайн даступная ў рамках работы лічбавай прыёмнай камісіі. Электронная рэгістрацыя ў гэтым годзе разглядаецца ў якасці папярэдняга этапу падачы дакументаў для паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У адпаведнасці з тэрмінамі прыёмнай кампаніі-2020 падаць дакументы для навучання на бюджэтнай форме можна будзе з 25 па 31 ліпеня, а для атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове - з 25 ліпеня па 15 жніўня.
- У гэтым годзе мы падзяляем два паняцці: рэгістрацыя абітурыентаў і падача дакументаў. Падача дакументаў, як гэта было раней, ажыццяўляецца асабіста, але спачатку мы рэкамендуем абітурыентам прайсці рэгістрацыю ў онлайн-рэжыме, - патлумачыў прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых. - Мы запрашаем абітурыентаў загадзя зарэгістравацца ў электроннай сістэме, запоўніць прапанаваную анкету і прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў.
Пасля таго як дакументы будуць правераныя лічбавай прыёмнай камісіяй, абітурыент зможа раздрукаваць заяву, дагаворы на падрыхтоўку і копіі дакументаў, неабходных для фарміравання асабістай справы. Арыгіналы дакументаў у прыёмную камісію прадастаўляюцца асабіста: абітурыент прыходзіць у любы зручны для яго час, папярэдне зарэгістраваўшыся ў электроннай чарзе. Віртуальны сэрвіс закліканы дапамагчы пазбегнуць традыцыйных чэргаў у перыяд падачы дакументаў у прыёмную камісію. Акрамя таго, абітурыент зможа загадзя ў рэжыме онлайн атрымаць усе неабходныя кансультацыі спецыялістаў, якія дапамогуць яму вызначыцца з профілем навучання і выбарам факультэта.
Сэрвіс «Лічбавая прыёмная камісія» ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе ўжо не першы год. Так, раней у электронным фармаце праходзіла залічэнне студэнтаў. Электронная рэгістрацыя абітурыентаў у якасці папярэдняга этапу работы прыёмнай камісіі ў гэтым годзе ўведзена ўпершыню. Дарэчы, электронная рэгістрацыя, якая ўжо даступная абітурыентам на сайце abit.by, будзе адкрыта на працягу ўсяго перыяду прыёму дакументаў.