Удзельнікамі мерапрыемства напярэдадні новага навучальнага года сталі студэнты першага курса Купалаўскага ўніверсітэта.
Радасць урачыстага моманту з імі падзяліла кіраўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з рэктарам Ірынай Кітурка. Ірына Фёдараўна павітала і тых, хто стаў удзельнікам урачыстага мерапрыемства ў рэжыме анлайн: трансляцыя вялася ў карпусах факультэтаў і на сайце ўніверсітэта.
– Сёння ў нашым універсітэце сапраўды свята: мы адкрываем дзверы ўніверсітэта першакурснікам. Нашу Купалаўскую ўніверсітэцкую сям'ю папоўнілі 2298 студэнтаў. З сённяшняга дня мы будзем ісці побач адзін з адным. Вы выбралі наш універсітэт, і наша задача – апраўдаць вашы надзеі. Мы гэта абавязкова зробім! Паспяховага нам усім старту!
У межах сустрэчы першакурснікі змаглі пазнаёміцца з універсітэтам, як адзначыла рэктар Ірына Кітурка, з першых вуснаў: яна прачытала ім першую лекцыю “Універсітэт тваіх магчымасцяў”. У ёй – яркія старонкі гісторыі і сучаснасці Купалаўскага ўніверсітэта, дасягненні студэнтаў і выпускнікоў. Першакурснікі пачулі і пра тое, якія пазіцыі займае ўніверсітэт у міжнароднай прасторы, а таксама аб традыцыях карпаратыўнай культуры купалаўцаў. Галоўнае, што даведаўся сёння кожны з хлопцаў, – якія яны, магчымасці для рэалізацыі сваіх талентаў у навуцы, адукацыі, творчасці і спорце ў сценах універсітэта.
Па традыцыі падчас «Пасвячэння ў студэнты» былі ўручаны студэнцкія білеты лепшым першакурснікам універсітэта і каледжаў, якія ўваходзяць у структуру ГрДУ імя Янкі Купалы, – тым хлопцам, хто паказаў высокія вынікі ў ходзе ўступнай кампаніі гэтага года.
Таксама павіншавалі студэнтаў-першакурснікаў з паступленнем у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы студэнты старэйшых курсаў: студэнт 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта, старшыня студэнцкага самакіравання факультэта, член Каардынацыйнага студэнцкага савета універсітэта Кірыл Саковіч і студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта, старшыня студэнцкага самакіравання факультэта, член Каардынацыйнага студэнцкага савета універсітэта Дар'я Дабрыянец. Яны перадалі малодшым калегам сімвалічны студэнцкі білет і ключ ведаў.
Права прыняць сімвалы студэнцтва было прадастаўлена першакурсніку-курсанту ваеннага факультэта, члену Нацыянальнай зборнай па плаванні, кандыдату ў майстры спорту Аляксандру Кандрашкіну і студэнтцы-першакурсніцы філалагічнага факультэта, тысячнай абітурыентцы, якая падала дакументы ў Купалаўскі ўніверсітэт, Паліне Пучко.
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства цырымоніяй клятвы першакурснікаў. Новаспечаныя купалаўцы паабяцалі з годнасцю несці званне студэнта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, не шкадаваць сіл і часу на зразуменне ўсіх навук, быць годнымі пераемнікамі традыцый беларускага студэнцтва, ва ўсім выступаць узорам сумленнасці, высакароднасці, працавітасці і дысцыпліны, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім, навуковым і культурным жыцці роднай Аlma mater, атрыманыя веды накіроўваць на ўмацаванне магутнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь і быць годнымі грамадзянамі нашай краіны.