У рамках праграмы штотыднёвых мітапаў студэнты набудуць навыкі, неабходныя для развіцця прадпрымальніцкіх ініцыятыў, і зробяць першыя крокі да рэалізацыі сваіх творчых, сацыяльных і камерцыйных праектаў.
Кожную суботу з кастрычніка па май Купалаўскі ўніверсітэт зноў стане цэнтрам інавацый, крэатыўных рашэнняў і яркіх ідэй - тут будуць праходзіць адукацыйныя мітапы ад Студыі праектаў і стартапаў. Удзельнікаў чакаюць семінары, трэнінгі і майстар-класы ад лепшых прафесіяналаў-практыкаў, сустрэчы з цікавымі і паспяховымі ў сваёй дзейнасці гродзенцамі.
Праект штотыднёвых мітапаў падзелены на дзве адукацыйныя праграмы, па 7 модуляў кожная. Так I ступень - "Прапампуй крэатыў" - дапускае ўдзел студэнтаў-першакурснікаў. Закласці моцны падмурак сваёй будучай кар'еры і прафесійнага поспеху рабяты змогуць у рамках модуляў па тэмах лідэрства, маркетынгу, менеджменту, крэатыўнага мыслення, лічбавых і онлайн інструментаў, прамоўніцкага майстэрства і прэзентацый.
Самых паспяховых удзельнікаў I ступені арганізатары запросяць на II праектную ступень - «Ад ідэі да праекта». Паўдзельнічаць у ёй таксама змогуць усе жадаючыя студэнты старэйшых курсаў і магістранты, якія хочуць атрымаць вопыт рэалізацыі розных праектаў. Арганізатары абяцаюць дапамагчы ўдзельнікам зрабіць першыя крокі на шляху да ўласнай справы, узмацніць сваё прафесійнае рэзюмэ рэальнымі практычнымі рашэннямі і кейсамі. Суботнія мітапы па тэмах «Дызайн праектнай ідэі», «Маркетынг і прасоўванне праекта», «Упраўленне бізнес-праектам» і «Упраўленне бізнесам», «Нарматыўна-прававыя аспекты прадпрымальніцкай дзейнасці», «Дзелавая камунікацыя і ІТ-рашэнні для кіравання бізнесам» прадугледжваюць індывідуальную або камандную працу над праектамі, дапамогу і кансультацыі ад вопытных спецыялістаў і прадпрымальнікаў.
Удзельнікі мітапаў, пры ўмове поўнага выканання гадавой праграмы, атрымаюць даведку дзяржаўнага ўзору аб навучанні на адукацыйных курсах.
Першы мітап - ужо 3 кастрычніка. Ён пройдзе па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 218 (актавая зала) з 10 да 13.00. Задаць пытанні, даведацца падрабязней пра праект і запісацца можна ў Instagram Студыі праектаў і стартапаў @studio_startup.