Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка 18 верасня адказала на пытанні і выслухала прапановы студэнтаў факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання і інжынерна-будаўнічага факультэта.
У пачатку сустрэчы рэктар адзначыла, што імідж Купалаўскага ўніверсітэта залежыць ад дасягненняў кожнага студэнта, выкладчыка і супрацоўніка. І трэцяе месца, якое ўпэўнена займае ГрДУ імя Янкі Купалы ў міжнародных рэйтынгах сярод беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі, - лепшае пацвярджэнне суладнай працы ўсяго калектыву ўніверсітэта.
- З перамог і дасягненняў нашых студэнтаў, супрацоўнікаў, як з мазаікі, складваецца агульны поспех нашага ўніверсітэта, - адзначыла Ірына Кітурка. - Нам важна, каб кожны з вас змог рэалізаваць свае магчымасці як будучы інжынер-будаўнік, інжынер-механік, лагістаў. Асноўная мэта і задача ўніверсітэта - раскрыць ваш патэнцыял. Упэўнена, што і вы зацікаўлены ў самарэалізацыі, што ў вас ёсць ідэі па паляпшэнні адукацыйнага працэсу, павышэнні вашай канкурэнтаздольнасці як будучых спецыялістаў на рынку працы. Агучвайце іх і будзем разам абмяркоўваць вашыя прапановы.
Адным з першых ад студэнтаў прагучала прапанова арганізаваць майстар-класы па вядзенні акаўнтаў факультэтаў ў сацыяльных сетках. Як было адзначана, запатрабаванасць у павышэнні якасці інфармаванасці студэнтаў аб падзеях універсітэцкага жыцця сапраўды ёсць, але часам не хапае ведаў для таго, каб акаўнты факультэтаў ў сацыяльных сетках былі больш прывабнымі і змястоўнымі. Ідэя аб правядзенні майстар-класаў, звязаных з рухам наперад у інтэрнэт-прасторы, была падтрымана кіраўніцтвам універсітэта. Пройдуць яны ў бліжэйшы час.
Падчас дыялогу з рэктарам былі закрануты пытанні, якія тычацца пражывання ў інтэрнатах, магчымасцяў аказання матэрыяльнай дапамогі студэнтам і занятасці ў будатрадах. Удзельнікі сустрэчы разам абмеркавалі, як актывізаваць круглагадовую працоўную занятасць студэнтаў.
- Ужо ў гэтым навучальным годзе ва ўніверсітэце пачне функцыянаваць падраздзяленне, рабочая назва якога - «Цэнтр кар'еры студэнта», - распавяла рэктар Ірына Кітурка. - Мы імкнемся да таго, каб пачынаць фарміраваць кар'еру студэнта з першага курса. У студэнтаў з'явіцца магчымасць удасканальваць свае прафесійныя кампетэнцыі і пры гэтым зарабляць. Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы студэнты, сканчаючы ўніверсітэт, мелі не толькі дыплом, але і працоўную кніжку.
Ірына Кітурка звярнула ўвагу і на тое, што атрымаць першае працоўнае месца сёння могуць не толькі студэнты-купалаўцы, якія навучаліся за кошт сродкаў бюджэту, але і тыя, хто вучыўся на платнай аснове. Бо гарантаванае працоўнае месца на два гады - гэта той працоўны стаж, які неабходны кожнаму прафесіяналу для далейшага развіцця і пабудовы кар'еры.
- Універсітэт гатовы дапамагаць і падтрымліваць кожнага студэнта, - адзначыла, падводзячы вынікі сустрэчы, рэктар. - Вы - актыў на сваіх факультэтах, і мне б вельмі хацелася, каб усю інфармацыю, якая прагучала на сустрэчы, вы перадалі аднакурснікам.
Ірына Кітурка падзякавала студэнцкіаму актыву інжынерна-будаўнічага факультэта, а таксама факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання за шчырую размову і заклікала да працягу дыялогу ў бліжэйшы час. Рэктар чакае ад студэнтаў прапаноў па развіцці ўніверсітэта. Ірына Кітурка заклікае прадстаўнікоў усіх факультэтаў сфармуляваць сваё бачанне павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Лепшыя прапановы ўвойдуць у Стратэгію развіцця ўніверсітэта на 2021-2025 гады, работа над якой вядзецца ў дадзены момант.