Чарговы дыялог рэктара ўніверсітэта са студэнцкім актывам адбыўся 5 кастрычніка.
Па ініцыятыве рэктара новы навучальны год пачаўся з серыі сустрэч са студэнтамі на факультэтах. Як адзначае Ірына Кітурка, яе цікавіць меркаванне кожнага, цікавяць новыя ідэі і прапановы, бо агульны вынік, пазітыўны імідж універсітэта складваецца з поспехаў кожнага супрацоўніка, выкладчыка і студэнта.
- Я заўсёды кажу: не чакайце, калі я вас паклічу, ініцыюйце падобныя сустрэчы самі. Я абавязкова знайду час, каб пагаварыць з вамі і даведацца, што вас хвалюе і што б вы хацелі палепшыць у плане павышэння якасці адукацыі, паляпшэння студэнцкага побыту, - звярнулася да студэнтаў факультэта фізічнай культуры Ірына Кітурка.
Яна адзначыла, што цяпер у студэнтаў ёсць унікальная магчымасць паўдзельнічаць у працэсе стратэгічнага планавання далейшага развіцця ўніверсітэта. Дарэчы, упершыню ў гісторыі ўніверсітэта такі важны дакумент, як Стратэгія, будзе распрацаваны пры актыўным удзеле студэнтаў. Ірына Кітурка заклікала студэнтаў сфармуляваць і агучыць свае прапановы на працягу бліжэйшых двух тыдняў.
Рэктар падзякавала студэнтам факультэта фізічнай культуры за іх працу і дасягненні ў спаборніцтвах рознага ўзроўню. Яна адзначыла, што яны ўслаўляюць родную Alma mater.
- Памятайце, што вы заўсёды можаце разлічваць і на падтрымку з боку ўніверсітэта. Да прыкладу, у нас створаны Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, з якога, у тым ліку, фінансуюцца і паездкі на міжнародныя спаборніцтвы. Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб павышэнні камандзіровачных выплат удзельнікам розных спаборніцтваў. Мы пастараемся павялічыць суму камандзіровачных тым, хто выязджае на спаборніцтвы, - сказала Ірына Кітурка.
Студэнтаў факультэта фізічнай культуры цікавілі пытанні, звязаныя з адкрыццём новай спецыяльнасці «Трэнерская работа». Яны выказалі надзею на пашырэнне відаў спорту, па якіх універсітэт будзе рыхтаваць трэнераў. У гэтым годзе набор на спецыяльнасць «Трэнерская работа» быў адкрыты толькі па лёгкай атлетыцы і барацьбе. Ірына Кітурка адказала, што праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца.
Падчас сустрэчы пагаварылі і пра пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва з універсітэтамі Расіі, і пра магчымасці навучання ў суседняй краіне ў рамках праграм акадэмічнага абмену студэнтамі. Цікавілі студэнтаў пытанні стварэння ў іх навучальным корпусе зручнай зоны рэкрэацыі, а таксама правядзення ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй традыцыйнага конкурсу студэнцкай самадзейнасці "Alma mater - любоў з першага курсу". Ірына Кітурка сказала, што адмяняць свята не плануецца, рэпетыцыі ў самым разгары, і шчыра пажадала студэнтам факультэта фізічнай культуры заслужаных перамог не толькі ў спорце, але і ў творчасці.