Фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Евразия.DOC» праходзіў у Смаленску ў канцы верасня.
Студэнты спецыяльнасці "Журналістыка" разам з загадчыкам вучэбнай радыёстудый Святланай Хвясько наведалі адкрыты паказ фільмаў, змаглі ўбачыць і ацаніць конкурсныя працы, якія сталі прызёрамі фестывалю. Купалаўцы таксама прынялі ўдзел у майстар-класе «Дакументаліст - гэта чалавек-аркестр ...», падчас якога сваім вопытам падзяліліся вядомыя расійскія журналісты, сцэнарысты і рэжысёры, у тым ліку тэлевядучы, блогер, рэжысёр-дакументаліст Канстанцін Сёмін, сцэнарыст і рэжысёр Наталля Гугуева , аглядальнік тэлеканала «НТВ» Уладзімір Чарнышова.
- Удзел у фестывалі дакументальнага кіно «Евразия.DOC» падарыў нам шмат станоўчых эмоцый. Нашы студэнты засталіся пад вялікім уражаннем як ад паказаў, так і ад майстар-класаў. А галоўнае, гэта іх натхніла на стварэнне ўласных дакументальных фільмаў, - адзначыла загадчык радыёстудый ВНВА «Студэнцкі медыяцэнтр» Святлана Хвясько.
Паездка адбылася ў рамках дзейнасці школы маладога журналіста «Майстэрня BY-RU», заняткі ў якой праходзяць штомесяц на базе Купалаўскага ўніверсітэта. У мінулым навучальным годзе для слухачоў школы былі арганізаваны адкрытыя дыялогі з вядомымі журналістамі краін СНД. Акрамя гэтага, маладыя журналісты самі спрабавалі сябе ў прафесіі: пісалі эсэ, нататкі, бралі інтэрв'ю. Па выніках заняткаў найбольш актыўныя ўдзельнікі школы атрымалі запрашэнні на фэст дакументальнага кіно краін СНД «Евразия.DOC».