Студэнты і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта прышчапляюцца супраць грыпу і выконваюць масачны этыкет.
Навучальны працэс ва ўніверсітэце карэктуецца з улікам эпідэміялагічнага становішча. Так, патокавыя лекцыі, якія мяркуюць прысутнасць больш за 90 чалавек, праводзяцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
- У студэнтаў старэйшых курсаў на працягу двух дзён у тыдзень навучальныя заняткі праводзяцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Гэта, у першую чаргу, усе патокавыя лекцыі, якія збіраюць вялікую колькасць студэнтаў у адной аўдыторыі, - распавяла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацэй. - Разам з тым, вельмі важна, каб студэнты першых курсаў, якія толькі-толькі да нас прыйшлі, максімальна пагрузіліся ў атмасферу студэнцтва. Таму для іх мы пакуль не праводзім навучальныя заняткі ў онлайн-рэжыме, але даем для заняткаў максімальна прасторныя аўдыторыі з магчымасцю рассаджвання з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі.
Першакурсніцы Анастасія Прымак і Лізавета Патапчык з такім падыходам да арганізацыі навучальнага працэсу згодныя. Дзяўчыны, паступіўшы ў гэтым годзе ў Купалаўскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, толькі пачалі вывучаць міжнароднае права. Яны падтрымліваюць усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўніверсітэце з мэтай прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, і спадзяюцца, што пераходзіць на навучанне онлайн ім пакуль не давядзецца.
- Мы выконваем усе меры бяспекі: носім маскі, выконваем сацыяльную дыстанцыю, карыстаемся антысептыкамі. Таму я адчуваю сябе ў бяспецы, - падзялілася студэнтка 1 курса юрыдычнага факультэта Лізавета Патапчык.
З ёй згаджаецца сяброўка і аднакурсніца Анастасія Прымак, кажучы пра тое, што магчымасць заражэння сапраўды памяншаецца, калі выконваць элементарныя меры прафілактыкі:
- Я вучуся на першым курсе, і для мяне, вядома, усё нова і вельмі цікава. Хочацца адчуць студэнцкае жыццё, аўдыторныя заняткі, але, калі будзе неабходнасць перайсці на навучанне онлайн, то мы гатовыя.
Студэнтка-другакурсніца Яна Крэчка думае ўжо не толькі пра тое, як засцерагчы сябе ад вірусаў сёння, але і пра тое, як захаваць здароўе і не захварэць у перыяд традыцыйнага ўсплёску захворванняў, выкліканых вірусам грыпу. Магчымасць зрабіць бясплатную прышчэпку ад грыпу ў рамках восеньскай кампаніі па вакцынацыі яна прывыкла не ігнараваць.
- Я ўжо на працягу чатырох гадоў раблю прышчэпку ад грыпу і, можна сказаць, забылася, што такое хварэць зімой, калі «шпацыруе» вірус грыпу. А ў гэтым годзе, ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі, я лічу, асабліва важна зрабіць прышчэпку ад грыпу. Вакцынацыя - надзейная абарона, па меншай меры, ад віруса грыпу, - распавяла Яна.
Студэнтаў і супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта вакцынаваць супраць грыпу пачалі яшчэ ў сярэдзіне верасня. У ліку першых прышчэпку зрабілі тым, хто стаіць на дыспансерным уліку і мае хранічную форму нейкіх захворванняў. З пачатку кастрычніка кампанія па вакцынацыі стала праводзіцца больш актыўна.
- Мы чакаем усіх, асабліва цяпер, калі яшчэ не наступіў пік эпідэмічнага захворвання рэспіраторнымі інфекцыямі, і ёсць магчымасць у арганізма выпрацаваць імунітэт супраць сезонных вірусаў грыпу, - адзначыла загадчык здраўпункту ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Кравец. - Штогод мы прышчапляем больш за 2 - 2,5 тысячы студэнтаў і каля 40 адсоткаў супрацоўнікаў, якія працуюць ва ўніверсітэце. Кампанія па вакцынацыі супраць грыпу доўжыцца на працягу двух месяцаў.
Пра тое, што наша здароўе ў нашых руках, нагадваюць як работнікі здраўпункта, так і адміністрацыя ўніверсітэта. Купалаўцаў заклікаюць выконваць масачны этыкет і сацыяльную дыстанцыю, не грэбаваць правіламі гігіены, а пры з'яўленні сімптомаў захворвання - абавязкова заставацца дома. Акрамя таго, каб засцерагчы сябе ад віруса грыпу, супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта могуць зрабіць прышчэпку. Вакцынацыя праводзіцца ў дзве змены, каб кожны купалавец змог прыйсці ў найбольш зручны, вольны ад вучобы ці працы час.