Адкрыццё экспазіцыі адбылося 16 кастрычніка на факультэце мастацтваў і дызайну Купалаўскага ўніверсітэта.
На выставе «ART-Мы'20» прадстаўлены творчыя работы студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Дызайн (графічны)», выкананыя імі падчас летняй азнаямленчай практыкі. Падчас адкрыцця экспазіцыі дэкан факультэта мастацтваў і дызайну Людміла Чарнілоўская пажадала аўтарам работ і ўсім студэнтам далейшых творчых поспехаў і заваявання новых вяршыняў.
Летняя практыка ў будучых дызайнераў з-за эпідэміялагічнай сітуацыі праходзіла анлайн. Студэнтам, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, было прапанавана не проста зафіксаваць выяву, а пераасэнсаваць падзею, пафантазіраваць, дасачыняць, надаць працам дэкаратыўны характар. Да прыкладу, адным з заданняў было распрацаваць стікерпак на тэму горада Гродна.
Работы атрымаліся цікавымі, рознымі па настроі, змесце і сюжэтнай лініі. Па выніках праведзенага пленэру было вырашана адкрыць на факультэце мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы экспазіцыю «ART-Мы'20».