Купалаўскі ўніверсітэт запрашае навучэнцаў 10-11 класаў далучыцца да прафарыентацыйных інтэнсіваў.
Праект «PROF-вакацыі» рэалізуецца факультэтам давузаўскай падрыхтоўкі Купалаўскага ўніверсітэта з 3 па 5 лістапада. Да ўдзелу ў прафарыентацыйным інтэнсіве запрашаюцца навучэнцы 10-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Старшакласнікам прапануюць уключыцца ў адукацыйны працэс універсітэта і прыняць удзел у лекцыях і практыкумах у складзе рэальных студэнцкіх груп. У выніку рэалізацыі праекта будучыя абітурыенты змогуць атрымаць уяўленне аб найбольш перспектыўных спецыяльнасцях, аб галінах эканомікі і сацыяльнай сферы, у якіх прагназуюцца кадравыя і прафесійныя перамены, а таксама набыць навыкі працы ў камандзе і вызначыць уласныя прафесійныя схільнасці.
Арганізатары інтэнсіву прапануюць удзельнікам розныя фарматы правядзення мерапрыемстваў, сярод якіх інтэрактыўны мультымедыйны квіз, віктарына аб прафесіях сучаснасці і будучыні, навучальны трэнінг па прадметах ЦТ. Старшакласнікам прапануюць правесці адзін дзень на адным з факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама прыняць удзел у камандных гульнях, творчых майстэрнях і круглым стале, у час якога будуць падведзены вынікі PROF-вакацый. У праграме інтэнсіву - мерапрыемствы па развіцці ў патэнцыйных студэнтаў і будучых прафесіяналаў кампетэнцый soft skills, неабходных для эфектыўнай прафесійнай адаптацыі, і кампетэнцый hard skills, якія маюць важнае значэнне для пэўнай сферы дзейнасці.
Для ўдзелу ў праекце неабходна зарэгістравацца онлайн да 28 кастрычніка. Удзел у мерапрыемствах прафарыентацыйнага інтэнсіву бясплатны.