12 лістапада на сцэну канцэртнай залы Гродзенскага гарадскога дома культуры выйдуць 4 прэтэндэнты на званне лепшага студэнта вобласці.
Удзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года-2020" прымуць пераможцы лакальных тураў, якія раней адбыліся ва ўсіх трох універсітэтах Гродна. У гэтым годзе ГрДУ імя Янкі Купалы на абласным этапе прадставяць адразу два студэнты - Таццяна Шчэрбач, якая вучыцца на 3 курсе педагагічнага факультэта, і Андрэй Дунько, студэнт 2 курса філалагічнага факультэта. Яны будуць змагацца за перамогу з Вольгай Фурман, студэнткай 2 курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, і Анастасіяй Хлюпінай, студэнткай 5 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Усе выпрабаванні абласнога этапу конкурсу пройдуць на сцэне канцэртнай залы Гродзенскага гарадскога дома культуры. Ужо стартавала і працягнецца да 15.00 12 лістапада онлайн-галасаванне, па выніках якога будзе названы пераможца ў асобнай намінацыі. Ацаніць творчы патэнцыял канкурсантаў можна, паглядзеўшы відэаролікі «Я - студэнт / Універ», якія размешчаны ў групе «Моладзь Гродзеншчыны» сацыяльнай сеткі «Вконтакте», а таксама на сайце газеты "Гродзенская праўда".