Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы 19 лістапада наведалі Лунненскую сярэднюю школу і падарылі ўстанове адукацыі велатрэнажор і бегавую дарожку.
Ідэю пра тое, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы гатовы дапамагчы ў ажыццяўленні мары вучняў з аграгарадка Лунна аб новых спартыўных трэнажорах, агучыў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь падчас наведвання школы ў лютым гэтага года. Зараз гэта ўстанова адукацыі, як і іншыя школы Мастоўскага раёна, практычна цалкам укамплектавана спартовым інвентаром, і мясцовыя школьнікі могуць рабіць першыя ўпэўненыя крокі на шляху да вялікіх спартовых дасягненняў.
Дарэчы, пра поспехі купалаўцаў не толькі ў галіне адукацыі, але і ў спорце расказалі дзецям і педагогам школы прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падчас цырымоніі перадачы падарункаў. Як адзначыў прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько, у Купалаўскім універсітэце вялікая ўвага надаецца фізічнай актыўнасці студэнтаў.
- Мы лічым, што здаровы, дужы духам і целам вучань сёння - гэта здаровы і паспяховы студэнт заўтра, а таксама здаровы і ўмелы спецыяліст у будучыні, - падкрэсліў Васіль Сянько, уручаючы дырэктару школы дакументы на велатрэнажор і бегавую дарожку.
У сваю чаргу, дырэктар Лунненскай сярэдняй школы Віктар Чэрнік расказаў пра тое, што нямала спартыўных перамог, асабістых і камандных, і на рахунку іх вучняў, а новыя трэнажоры будуць спрыяць больш эфектыўнай фізічнай падрыхтоўцы школьнікаў.
- Наш трэнажорная зала зараз абсталявана сучасным спартыўным абсталяваннем, і хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць за гэта кіраўніцтву ўніверсітэта і асабіста яго рэктару Ірыне Кітурка. Дзякуй нашым гасцям, якія перадалі такія патрэбныя падарункі, - адзначыў дырэктар школы Віктар Чэрнік. - Упэўнены, што і велатрэнажор, і бегавая дарожка будуць запатрабаваныя як навучэнцамі, так і ўсімі работнікамі ўстановы, а таксама жыхарамі аграгарадка Лунна.
Варта адзначыць, што купалаўцы не ўпершыню прыязджаюць з каштоўнымі падарункамі да вучняў школ у сельскай мясцовасці. Так, у мінулым годзе прадстаўнікі ГрДУ наведалі Гальшанскую сярэднюю школу ў Ашмянскім раёне і перадалі ў падарунак для мясцовых вучняў турыстычны рыштунак.
Па матэрыялах mosty-zara.by.